БрэстOnline.com: Навіны з Брэста, Беларусь

30 Траўня 2001
На Брэстчыне зноў дае адчуваць сябе залатагузка

 Ачагі масавага з''яўлення вусеня залатагузкі ў вясковых садах шэрага рэгіёнаў Брэстчыны зафіксавалі спецыялісты абласнога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.
Як расказала карэспандэнту БЕЛТА урач-энтамолаг Марыя Раждзественская, мала таго, што гэты вусень з''яўляецца шкоднікам яблыні, грушы, дуба, вяза і ліпы, пры пападанні на скуру чалавека ён можа выклікаць токсіка-алергічную рэакцыю. І хоць пасля некалькіх дзён у большасці тых, хто кантактаваў з залатагузкай, праяўленні алергіі і сверб праходзяць, усё ж пры пападанні вялікай колькасці таксічнага рэчыва ў некаторых людзей, асабліва схільных да алергічных захворванняў, вынікі могуць быць больш складанымі. Часам не абыходзяцца без дапамогі лекавых прэпаратаў.
Масавае з''яўленне вусеня залатагузкі адзначана на Брэстчыне з 1998 года. Напрыклад, у мінулым годзе яе ачагі рэгістраваліся ў Жабінкаўскім, Кобрынскім, Драгічынскім, Іванаўскім, Столінскім і некаторых іншых раёнах. І хоць мясцовыя органы ўлады, падраздзяленні сельгасхіміі вядуць з гэтым шкоднікам барацьбу, аж да выпільвання і спальвання дрэў, як гэта было ў вёсцы Якаўчыцы Жабінкаўскага раёна, гэтыя меры не заўсёды эфектыўныя. Асабліва на асабістых падвор''ях, дзе растуць высокія пладовыя дрэвы. І калі ўжо заўважана вялікая колькасць вусеняў на дрэвах, то ўрачы раяць па магчымасці знаходзіцца ад іх далей. Іван Кукса - БЕЛТА

http://brestonline.com/be/news/news806.html

 Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на БрэстOnline.com абавязковая