БрэстOnline.com: Навіны з Брэста, Беларусь

30 Траўня 2001
Уладам Берасьця не падабаецца назоў конкурсу «Беларусь мая непаўторная»

 Штраф памерам 50 мiнiмальных заробкаў - такое пакараньне вынесена судом Ленiнскага раёну Берасьця ў дачыненьнi да Зьмiцера Шыманскага. Яго абвiнавацiлi ў тым, што ён дзейнiчаў ад iмя незарэгiстраванага грамадзкага аб'яднаньня.
З патрабаваньнем прыцягнуць Зьмiцера Шыманскага да адмiнiстрацыйнай адказнасьцi ў суд зьвярнулася ўпраўленьне юстыцыi Берасьцейскага аблвыканкаму. Чыноўнiкi гэтага ўпраўленьня лiчаць, што апошнiм часам спадар Шыманскi распачаў дзейнасьць ад iмя дасьледча-аналiтычнага клюбу "Дзедзiч", якi незарэгiстраваны ў адпаведнасьцi з заканадаўствам.
Варта адзначыць, што клюб "Дзедзiч" фактычна iснуе ўжо на працягу двух гадоў, але ва ўпраўленьнi юстыцыi ўпарта не жадаюць рэгiстраваць гэтае грамадзкае аб'яднаньне. У прыватнасьцi, чыноўнiкам чамусьцi не падабаецца назва арганiзацыi, якая мае старажытныя каранi: раней дзедзiчамi называлi нашчадкаў дзедавых маёнткаў. У аблвыканкаме запатрабавалi, каб у расейскамоўнай вэрсii назвы клюбу слова "Дзедзiч" увогуле не выкарыстоўвалася. Паводле словаў Зьмiцера Шыманскага, напалохала мясцовую "вэртыкаль" i тое, што iнiцыятыўная група грамадзян па стварэньні клюбу "Дзедзiч" ужо абвесьцiла пра шэраг конкурсаў пад агульнай назвай "Беларусь мая непаўторная".
Мэта гэтых конкурсаў -- папулярызацыя беларускай iдэi сярод моладзi, спрыяньне захаваньню беларускай культуры i мовы. Магчыма, таму ў апошнiя месяцы з аблвыканкаму няма нiякага адказу на конт рэгiстрацыi гэтага грамадзкага аб'яднаньня. Затое зьявiўся зыск у суд. На пытаньне, цi ёсьць палiтычны падтэкст ў справе рэгiстрацыi клюбу "Дзедзiч", спадар Шыманскi адказаў:
(Шыманскі: ) "Безумоўна, я лiчу што зараз, пры гэтай уладзе, нас ужо не зарэгiструюць нi ў якiм разе. На сваiм паседжаньнi мы будзем абмяркоўваць сытуацыю. Магчыма, проста адзавем дакуманты i ня будзем рэгiстравацца прынцыпова".
Пасьля абвяшчэньня прысуду -- а гэта адмiнiстрацыйны штраф памерам у 50 мiнiмальных заробкаў, альбо 280 тысячаў рублёў, - спадар Шыманскi заявiў, што абавязкова будзе абскарджваць гэтае судовае рашэньне. ("Алег Супрунюк, Берасьце, Радые Свабода, www.svaboda.org")

http://brestonline.com/be/news/news805.html

 Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на БрэстOnline.com абавязковая