БрэстOnline.com: Навіны з Брэста, Беларусь

30 Студзеня 2001
Берасцейскую «Вежу» не разбураць

 Дадатковыя звесткі з’яўляюцца зараз па факце рабаўніцтва ў ноч з 26 на 27 студзеня камп’ютэрнай тэхнікі ў офісе Берасцейскага цэнтра падтрымкі грамадскіх ініцыятываў «Вежа».
Як паведаміла кіраўнік цэнтра Іна Кулей, пасля 2 дзён фармальна-маруднага следства, зараз міліцэйскія асочнікі больш дасканала і пільна вывучаюць на месцы сляды ўзлому і выкрадання 6 камп’ютэраў, прынтэра, мадэма, сканера і факса. Гэта абнадзейвае, хаця сябры цэнтра, па словах Іны Кулей, схільныя лічыць, што рабаўніцтва, як і ў папярэдніх 4 выпадках у іншых інфармацыйных цэнтрах Беларусі, было заказным і спланаваным.
Берасцейская «Вежа» падтрымлівае выданні малога накладу ў рэгіёне, якія не абыходзяць увагай цяперашнюю кампанію давыбараў у «палатку». Акрамя таго, цэнтр мае ва ўсіх трох акругах абласнога горада сваіх незалежных наглядальнікаў. Магчыма, што была дадзена каманда паслабіць гэтую сілу.
Тым часам «Вежа» працягвае працу, і ў офіс сюды людзей стала прыходзіць яшчэ болей, чымсьці да рабаўніцтва.

Мікола НЯЗЛОМНЫ, "Наша Свабода"
http://brestonline.com/be/news/news454.html

 Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на БрэстOnline.com абавязковая