БрэстOnline.com: Навіны з Брэста, Беларусь

31 Кастрычніка 2000
40 брэсцкіх вучняў могуць захварэць на шаленства

 42 вучні сярэдняй школы №9 Брэста пройдуць курс антырабічнай вакцынацыі, паколькі ўсе яны могуць захварэць на шаленства.
Як паведамілі БелаПАН у абласным Цэнтры гігіены і эпідэміялогіі, двое школьнікаў і навучэнец чыгуначнага тэхнікума знайшлі лісу ў паляўнічай пастцы, побач з дачным таварыствам «Ивушка» Брэсцкага раёна. Спробы зняць з яе скуру былі беспаспяховымі, таму хлопцы адрэзалі ў жывёлы хвост. У мінулыя панядзелак і аўторак хвост «гуляў» па школе, пакуль гэтага не заўважыла медработнік. Яна сказала дзецям, што трэба праверыць, ці не была ліса хворая на шаленства. Школьнікі самі пайшлі ў Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, паколькі там працавала маці аднаго з іх. Труп лісы адкапалі і даследавалі на шаленства: аналізы пацвердзілі найгоршыя меркаванні медыкаў.
На сёння выяўлена 42 чалавекі, якія гулялі з хвастом (як вядома, каб заразіцца вірусам шаленства, дастаткова толькі пагладзіць жывёлу). Усім ім давядзецца прайсці курс вакцынацыі. Тым, хто разбіраў труп, — да 12 прышчэпак, астатнім — да 7-мі. Гэтыя прышчэпкі, паводле словаў медыкаў, небяспечныя для здароўя і не даюць 100-працэнтнай гарантыі таго, што людзі не захварэюць на шаленства.
Сёлета ў Брэсцкай вобласці выяўлена каля 40 выпадкаў захворвання шаленствам сярод жывёлаў. У кантактах з імі былі больш чым 250 чалавек.

Валянціна КАЗЛОВІЧ, БелаПАН.
http://brestonline.com/be/news/news310.html

 Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на БрэстOnline.com абавязковая