БрэстOnline.com: Навіны з Брэста, Беларусь

30 Кастрычніка 2000
У ВЫНІКУ ДВУХ ТУРАЎ ПАРЛАМЕНЦКІХ ВЫБАРАЎ БРЭСТЧЫНУ Ў ПАЛАЦЕ ПРАДСТАЎНІКОЎ БУДУЦЬ ПРАДСТАЎЛЯЦЬ 11 ДЭПУТАТАЎ.

 Падчас другога тура выбараў на Брэстчыне ў Палату прадстаўнікоў былі абраныя шэсць дэпутатаў. А з улікам першага тура галасавання Брэсцкую вобласць у Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу будуць прадстаўляць 11 чалавек. Шасцёра з іх ужо працавалі ў парламенце папярэдняга склікання, 5 - навічкі.

Як паведаміў журналістам кіраўнік аддзела арганізацыйна-кадравай працы Брэсцкага аблвыканкама Аляксандр Каляда, вынікі выбараў 29 кастрычніка пераўзышлі ўсе чаканні: на выбарчыя ўчасткі прыйшлі 64 працэнты выбаршчыкаў. Гэта лепшы вынік у рэспубліцы. На гэты раз ва ўсіх шасці акругах выбары адбыліся ўжо ў 14 гадзін. Усе пераможцы набралі больш за 50 працэнтаў галасоў. Лідэрам жа стаў выкладчык Акадэміі МУС Беларусі Іван Кібак (Пінская сельская акруга № 15). Ён набраў 65,8 працэнта галасоў, і абышоў намесніка старшыні Пінскага гарвыканкама Фёдара Каральчука.

Дэпутатамі таксама абраныя па Баранавіцкай сельскай акрузе № 6 намеснік міністра МНС Барыс Бікінін, па Бярозаўскай акрузе № 8 намеснік начальніка ўпраўлення КДБ па Брэсцкай вобласці Уладзімір Рэзнікаў, па Івацэвіцкай акрузе № 10 старшыня Ганцавіцкага райвыканкама Аляксандр Свірыд, па Лунінецкай акрузе № 12 дэпутат ПП НС Васіль Гаргун, па Пінскай гарадской акрузе № 14 Юрый Андрэеў.

Паводле інфармацыі Аляксандра Каляды, пяць з шасці абраных дэпутатаў у першым туры набралі найбольшую колькасць галасоў, таму іх перамога прагназавалася. Нечаканасцю стала толькі перамога Уладзіміра Рэзнікава.

Аляксандр Каляда таксама паведаміў, што яшчэ не вызначана дата паўторных выбараў, якія пройдуць у тых 5 выбарчых акругах, дзе 15 кастрычніка яўка выбаршчыкаў не дасягнула 50 працэнтаў.

Да канца тыдня на Брэстчыне пачнецца вылучэнне ў Савет Рэспублікі (СР) Нацыянальнага сходу. Вобласць у СР павінны прадстаўляць 8 чалавек.

http://brestonline.com/be/news/news309.html

 Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на БрэстOnline.com абавязковая