|
Берасьцейскія ўлады падтрымалі ідэю Каардынацыйнай Рады па ахове матэрыяльнай і духоўнай спадчыны аб стварэньні мэмарыяльнай галерэі кіраўнікоў Берасьцейшчыны, якія працавалі ад старажытных часоў да сучаснасьці. Папярэдні макет галерэі прадугледжвае чатыры разьдзелы, кожны зь якіх - эпоха. У першым будуць прадстаўленыя берасьцейскія старасты, якія з 1434 па 1592 год кіравалі стараствам (яно было ўтворанае дзяржаўным актам Вялікага княства Літоўскага). Гэта 16 чалавек. Затым было створанае Брэст-Літоўскае ваяводзтва. У пэрыяд да 1795 году ім кіравалі 25 ваяводаў. Прамежак часу з 1795 да 1919 году не асьвятляецца, паколькі актам Расейскай імпэрыі была створаная Гарадзенская губернія, у склад якой увайшла й тэрыторыя Берасьцейшчыны. У 1921 годзе актам Рэчы Паспалітай было створанае Палескае ваяводзтва з цэнтрам у Берасьці. У галерэі будуць прадстаўленыя палескія камісары й ваяводы - усяго 7чалавек. Чацьверты разьдзел галерэі прысьвячаецца старшыням Берасьцейскага аблвыканкаму. З 1939 году да сёньняшняга часу вобласьцю кіравалі 13 старшыняў. Будуць у гэтай галерэі й партрэты нядаўняга ды зарашняга валадароў: былога сакратара абкаму й ЦК КПБ Яфрэма Сакалова й цяперашняга кіраўніка адміністрацыі вобласьці Васіля Даўгалёва.
|