БрэстOnline.com: Навіны з Брэста, Беларусь

27 Кастрычніка 2000
КІРАЎНІЦТВА БХК ЗВЯРНУЛАСЯ Ў ПРАКУРАТУРУ

 

Як паведамляе агенцтва БелаПАН, кіраўніцтва Беларускага Хельсінкскага камітэта звярнулася з заявай да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і генеральнага пракурора, у якой указала на грубыя парушэнні Канстытуцыі, выбарчага заканадаўства старшынёй Брэсцкага аблвыканкама Васілём Далгалёвым. Копіі заявы накіраваны ў Цэнтральную камісію Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў, у кансультатыўна-назіральную групу АБСЕ. Да іх прыкладзена і копія распараджэння Брэсцкага аблвыканкама ад 24 кастрычніка "Аб некаторых мерах па забеспячэнню другога тура выбараў". Нагадаем, што ў гэтым дакуменце даюцца распараджэнні кіраўнікам розных прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў, размешчаных на тэрыторыях выбарчых акруг, дзе будзе праходзіць другі тур галасавання, "у гэты дзень знаходзіцца на рабочых месцах і асабіста забяспечваць яўку на выбарчыя ўчасткі сваіх работнікаў..." і іншыя падобныя распараджэнні, аж да ўказання стварыць у выбарчых акругах атмасферу "свята, народнага гуляння".
У заяве БХК зазначаецца, што змест распараджэння сведчыць аб грубым парушэнні Далгалёвым як службовай асобай, якая займае адказную пасаду, артыкула 65 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (Выбары з,яўляюцца свабоднымі: выбаршчык асабіста вырашае, ці браць яму ўдзел і за каго галасаваць), Выбарчага кодэкса, іншых заканадаўчых актаў, якія гарантуюць грамадзянам свабоду волевыяўлення і іх удзелу ў выбарах. "Падобныя дзеянні звязаны з перавышэннем улады і службовых паўнамоцтваў, якімі нанесены істотны ўрон правам грамадзян, дзяржаўным і грамадскім інтарэсам", - гаворыцца ў заяве БХК.
У сувязі з гэтым, у дзеяннях Далгалёва, на думку БХК, ёсць прыкметы складу злачынства, прадугледжанага часткай 2, артыкула 167 КК Беларусі, кіруючыся нормамі Канстытуцыі і Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Беларусі, БХК просіць прэзідэнта адмяніць незаконнае распараджэнне Брэсцкага аблвыканкама як неадпавядаючае заканадаўству, а генеральнага пракурора - узбудзіць крымінальную справу ў дачыненні да Васіля Далгалёва.
http://brestonline.com/be/news/news305.html

 Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на БрэстOnline.com абавязковая