БрэстOnline.com: Навіны з Брэста, Беларусь
|
Брэст, 9 мая. 9 мая ў Брэсцкай крэпасці адбыўся мітынг-рэквіем, удзел у якім узялі каля 25 тысяч чалавек. Мітынгу папярэднічала святочнае шэсце па вуліцы Герояў абароны Брэсцкай крэпасці з удзелам ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, воінаў Брэсцкага гарнізона, прадстаўнікоў працоўных калектываў, навучальных устаноў, кіраўнікоў вобласці і горада. Мітынг пачаўся з хвіліны маўчання ў памяць загінулых абаронцаў Айчыны. Затым адбылася цырымонія ўскладання кветак да Вечнага агню і гірляд да свяшчэннага некропаля. Словы глыбокай удзячнасці ветэранам Вялікай Айчыннай вайны выказаў на мітынгу старшыня Брэсцкага аблвыканкама Канстанцін Сумар. "У нас не прынята радавацца і сумаваць напаказ. У нас моцная гістарычная памяць, мы не здраджваем сябрам і не мяняем ідэалаў, - сказаў кіраўнік аблвыканкама. - І ў імя жывых мы навечна захоўваем велічны подзвіг народа, будзем берагчы лепшыя традыцыі найвышэйшага патрыятызму старэйшага пакалення". На мітынгу выступілі таксама ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, прадстаўнікі маладзёжных арганізацый і епіскап Брэсцкі і Кобрынскі ўладыка Іаан, які ўручыў супрацоўнікам мемарыяльнага комплексу "Брэсцкая крэпасць-герой" ганаровую грамату патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Аляксія II за вялікую працу па захаванні памяці загінулых на полі бітвы абаронцаў Айчыны. Завяршыўся мітынг урачыстым праходжаннем войскаў Брэсцкага гарнізона. Сёння святочныя гулянні адбываюцца ў парках і на вуліцах Брэста, дзе на канцэртных пляцоўках выступаюць творчыя калектывы. Увечары ў мемарыяльным комплексе "Брэсцкая крэпасць-герой" прагучаць залпы святочнага салюту. |
http://brestonline.com/be/news/news2305.html |