БрэстOnline.com: Навіны з Брэста, Беларусь

14 Кастрычніка 2003
Фестываль сцiплай годнасцi

 Чацвёрты Нацыянальны фестываль беларускiх фiльмаў пачаў сваю работу днямi ў Брэсце. Па-годнаму сцiплым форумам назваў яго ў час адкрыцця старшыня кiнафестывалю заслужаны дзеяч мастацтваў РБ Аляксандр Яфрэмаў. Бо памiж сваiх, лiчыць Аляксандр Васiльевiч, i ганьба — мацнейшая, i пахвала — ярчэйшая.
I сапраўды, у горадзе над Бугам сабралiся ў асноўным дзеячы айчыннай кiнематаграфii, каб падвесцi вынiкi работы за два гады, акрэслiць тэндэнцыi развiцця сваёй галiны, абмеркаваць надзённае. З першых iмгненняў работы фестывалю стала ясна, што на яго сцягу сёлета, умоўна кажучы, накрэсленыя два словы — «духоўнасць» i «гуманiзм». Баевiкоў, здаецца, ужо «наелiся» ўсе. Але што сёння магчыма прапанаваць узамен iх — вось пытанне з пытанняў. Iскрынкай надзеi на яго станоўчы адказ можна, вiдаць, лiчыць аптымiстычнае сцвярджэнне першага намеснiка мiнiстра культуры РБ Уладзiмiра Рылаткi аб тым, што «Настасся Слуцкая» перамагла «Тэрмiнатара». Па колькасцi гледачоў. З трыбуны навукова-практычнай канферэнцыi «Дзяржаўная палiтыка ў галiне нацыянальнай кiнематаграфii» на другi дзень фестывалю ўсе ў адзiн голас казалi, што айчыннаму кiнапракату як паветра патрэбны касавыя i адначасова духоўныя высокапрафесiянальныя стужкi. Вiдавочна, што гуманiзм i патрыятызм — не пафасныя паняццi ў дачыненнi да мастацтва кiно, а патрабаванне часу. Сёлета ўпершыню парламент краiны заснаваў спецыяльны прыз брэсцкага кiнафоруму за лепшае ўвасабленне iдэi гуманiзму.

http://brestonline.com/be/news/news2112.html

 Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на БрэстOnline.com абавязковая