БрэстOnline.com: Навіны з Брэста, Беларусь

28 Ліпеня 2000
Правалы ў эканоміцы і ўзлёты ідэолагаў

 Апошнія прызначэнні ў апараце Брэсцкага аблвыканкама колькасна ўмацавалі «гаворачы» сектар. Цяпер тут, як і ў іншых вярхушках вертыкальнай улады ў рэгіёнах, ёсць упраўленне грамадска-палітычнай інфармацыі, а над ім — новы намеснік старшыні Леанід Цупрык і асабісты прэс-сакратар старшыні аблвыканкама Аляксандр Жук. Першы з іх перабіраецца ў Брэст з Баранавіч, дзе таксама сядзеў у крэсле намесніка старшыні гарвыканкама і адказваў за ідэалогію. 37-гадовы А.Жук развітаўся нарэшце з юнацтвам у Беларускім саюзе моладзі, дзе ён быў нязменным першым сакратаром Брэсцкага абкама.
Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Васіль Далгалёў нідзе і ніяк не патлумачыў павелічэнне свайго штату. Але даводзіцца меркаваць, што яму зараз вельмі патрэбныя рупары ўлады. Напярэдадні выбарчай кампаніі трэба неяк апраўдвацца перад насельніцтвам, чаму, напрыклад, за першае паўгоддзе ў вобласці 442 стратныя прадпрыемствы. Бюджэт за гэты час выкананы толькі на 41,1 %. Запазыка мясцовых суб’ектаў гаспадарання перад бюджэтам — 748,4 мільёна рублёў. Пра агульнае павышэнне коштаў тавараў і паслугаў вобласці сведчыць павелічэнне выкінутых у абарот з банкаў яшчэ 13 мільярдаў рублёў.

Надзея СВЯТЛІЧНАЯ, "Наша Свабода"
http://brestonline.com/be/news/news170.html

 Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на БрэстOnline.com абавязковая