|
З 11 ліпеня ў пінскай гарадзкой стаматалягічнай паліклініцы ўведзеныя платныя паслугі. Бясплатна зубы лечаць толькі льготнікам ды ў дзіцячай стаматалёгіі. Але й пэнсіянэры могуць пры жаданьні ставіць сабе больш якасныя плёмбы за грошы. Паколькі прыватных дантыстаў у Пінску надта мала, іншага выйсьця, як зрабіць платнае абслугоўваньне, у калектыву стаматалягічнай паліклінікі не было. Са словаў галоўнага лекара У.Бялінскага, ужо зь лютага ім не давалі грошай на матэрыялы да плёмбаў ды на дэзынфэкцыйныя сродкі. А зь ліпеня ўвогуле не было за што купляць мэдыкамэнты. Таму, каб не пакідаць людзей без дапамогі (а праз кабінэты паліклінікі штомесяц праходзіць каля васьмі тысячаў пінчукоў), вырашылі не зачыняць паліклінікі, а зрабіць паслугі платнымі. Цяпер лячэньне карыеснага зуба каштуе ад 750 да 4500 руб., у залежнасьці ад якасьці плямбавальнага матэрыялу. Навіна для пінчукоў ня надта каб прыемная, але цяпер няма чэргаў, ды яшчэ гарантыю на шесьць месяцаў даюць. Так што няякасная праца будзе каштаваць грошай лекару, а не пацыенту.
Яўген Салейчук, Пінск, "Наша Ніва"
|