|
У Берасьцейскім абласным судзе вынесены прысуд забойцу праваслаўнага сьвятара айца Міхаіла Сыцюка былому дыякану Генадзію. Судовы працэс над забойцам айца Міхаіла, які працягваўся два тыдні, быў зачыненым. Па неафіцыйных зьвестках мітрапаліт Менскі й Слуцкі Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Філарэт накіраваў у Берасьцейскі абласны суд ліст, у якім выказаў пажаданьне, каб працэс быў зачыненым. Адвакат абвінавачанага таксама выступіў з хадайніцтвам зрабіць разгляд справы закрытым. Гэтае хадайніцтва падтрымалі родныя забітага й прадстаўнікі абласное пракуратуры, якая вяла папярэдняе сьледзтва. Судзьдзя Іван Барысаў задаволіў хадайніцтва. На працэс не былі дапушчаныя, у прыватнасьці, журналісты. Фотакарэспандэнтам было забаронена сфатаграфаваць дыякана -- забойцу айца Міхаіла. Прычыны, па якіх працэс праходзіў за зачыненымі дзьвярыма, непатлумачаныя. Былы дыякан, 37-гадовы Генадзі Калесьнікаў, пад кіраўніцтвам айца Міхаіла працаваў у Бярэсьці ў Сьвята-Мікалаеўскае царкве. Пазьней ён пакінуў гэты прыход. Забітага айца Міхаіла Сыцюка з мноствам колата-рэзаных ранаў знайшлі 13 кастрычніка 1998 года ў лясным масіве каля Бярэсьця. Пасьля гэтага пайшлі чуткі, што забойства зьдзейсьненае з карысьлівых мэтаў. Айцец Міхаіл быў яшчэ й сакратаром Берасьцейскае эпархіяльнае ўправы, якая мела дачыненьне да камэрцыі. Супрацоўнікі пракуратуры, аднак, не знайшлі доказаў гэтае вэрсіі, а кіраўніцтва Беларускага экзархату вельмі неахвотна йшло на кантакты із сьледзтвам. Сьледзтва па справе было прыпыненае й аднавілася толькі пасьля затрыманьня ў Гомлі дыякана Генадзія. Падчас забойства айца Міхаіла дыякан працаваў у адное з кобрынскіх цэркваў, а потым вярнуўся на сваю радзіму ў Гомлю. Там ён і быў затрыманы ў сьнежні мінулага году. Генадзію Калесьнікаву выставілі абвінавачаньне паводле артыкулу Крымінальнага кодэксу, які прадугледжвае адказнасьць за наўмыснае забойства пры абцяжаных абставінах. Ён прадугледжвае пакараньне ад 15 да 25 гадоў альбо пажыцьцёвае зьняволеньне, ці сьмяротны прысуд. Родныя забітага не патрабавалі вышэйшае меры пакараньня забойцу, але прасілі пакараць “сурова”. Пракурор запатрабаваў дыякану Генадзію 22 гады пазбаўленьня волі, адвакат настойваў поўнасьцю апраўдаць свайго падабароннага. Пасля доўгага разьбіральніцтва Генадзі Калесьнікаў асуджаны на 20 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі жорсткага рэжыму. У судзе абвінавачаны не прызнаў сябе вінаватым і заявіў, што узяў на сябе віну на папярэднім сьледзтве пад прымусам. Пра гэта стала вядома радыё Рацыя са словаў сакратаркі судовага пасяджэньня Раісы Рапінчук. Р.Р.: Он говорит, что там не был и не убивал. А вину признал на следствии под психологическим давлением оперативных работников. Физическое воздействие он отрицал. Падсудны былы дыякан Генадзі й ягоны адвакат зьбіраюцца абскардзіць рашэньне Берасьцейскага абласнога суду ў вышэйшае інстанцыі.
Аляксандар Дашчынскі, "Радыё Рацыя"
|