|
У Берасьцейскай крэпасьцi адбылiся мерапрыемствы, прысьвечаныя чарговай гадавiне нападу фашыстоўскай Нямеччыны на Савецкi Саюз. Удзел у iх узялi Аляксандар Лукашэнка i былы расейскi прэзыдэнт Барыс Ельцын, якi цяпер будзе адпачываць у рэзыдэнцыi “Вiскулi” ў Белавескай пушчы. Галоўныя мерапрыемствы ў трагiчны для Берасьцейскай крэпасьцi дзень 22 чэрвеня традыцыйна пачынаюцца ў чатыры гадзiны ранiцы. Але сёлета арганiзатары вымушаныя былi рабiць зьмены ў звычайнай праграме. Зроблена гэта дзеля таго, каб прыстасаваць жалобную цырымонiю да візыту ў Берасьце Аляксандра Лукашэнкi й Барыса Ельцына. Берасьцейскiя ўлады вырашылi падрыхтаваць гасьцям своеасаблiвы сюрпрыз. За кожным гарадзкiм прадпрыемствам былi замацаваныя асобныя ўчасткi шашы ад аэрапорту да крэпасьцi. Кiраўнiкi ўстановаў i арганiзацыяў бралi адмысловыя расьпiскi ў сваiх падначаленых: жыхароў гораду абавязалi стварыць ланцуг ўздоўж шашы i вiтаць Ельцына ды Лукашэнку маленькiмi сьцяжкамi. Людзі згадваюць, што апошнi раз падобны загад быў атрыманы яшчэ ў той час, калi Берасьце наведваў генэральны сакратар ЦК КПСС Леанiд Брэжнеў. У Берасьцейскай крэпасьцi Аляксандар Лукашэнка i Барыс Ельцын усклалi вянкi да вечнага агню, але нечакана адмовiлiся ад заплянаваных выступаў. Замест гэтага госьцi сустрэлiся з вэтэранамi i наведалi музэй мэмарыяльнага комплексу. Журналiстаў найперш цiкавiлi адносiны першага расейскага прэзыдэнта да iнтэграцыйнага скандалу, што здарыўся ў апошнiя днi памiж кiраўнiцтвам Беларусi й Расеi. Але сёньня Ельцын i Лукашэнка пазьбягалi камэнтароў на гэтую тэму. Барыс Ельцын толькi зазначыў, што ён задаволены сваiмi размовамi з Лукашэнкам. Былы прэзыдэнт Расеi таксама запэўнiў, што знаходзiцца ў добрай фiзычнай форме i не зьбiраецца адыходзiць ад палiтычнага жыцьця. Па словах Ельцына, зараз ён выконвае ролю своеасаблiвага “гаранту стабiльнасьцi” ў Расеi, даволi часта кантактуе зь мiнiстрамi цяперашняга расейскага ўраду i самiм Уладзiмерам Пуцiным. Пасьля ўдзелу ва ўрачыстасьцях Барыс Ельцын застаецца ў Беларусi адпачываць. Плянуецца, што свой адпачынак ён разам з жонкай правядзе ў рэзыдэнцыi “Вiскулi”. Менавiта там у сьнежнi 1991 году Барыс Ельцын, Станiслаў Шушкевiч i Леанiд Краўчук падпiсалi вядомыя белавескiя пагадненьнi, якiя фактычна засьведчылi, што Савецкага Саюзу больш не iснуе. Цяпер “Вiскулi” — адна з рэзыдэнцыяў Аляксандра Лукашэнкi.
|