БрэстOnline.com: Навіны з Брэста, Беларусь

11 Красавіка 2002
У Брэсце саджаюць АМАПаўцаў і мытнікаў

 Пракуратура Брэсцкай вобласці вынесла пастанову аб арышце двух супрацоўнікаў брэсцкага АМАПу. Паводле звестак БелаПАНу, яны былі затрыманы 3 красавіка па заяве пацярпелага жыхара Брэсту і ўвесь гэты час знаходзіліся ў ізалятары часовага ўтрымання. Міліцыянеры падазраюцца ў вымаганні і незаконным заўладанні грашовымі сродкамі.
Супрацоўнікамі ўпраўлення па Брэсцкай вобласці камітэту па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС затрыманы двое інспектараў мытняў. Інспектар мытнага паста «Задворцы» (мытня «Заходні Буг») абвінавачваецца ў перавышэнні службовых паўнамоцтваў – ён наўмысна запісаў у бланку дазволу на ўвоз на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь лічбу адыходаў звыш фактычнай колькасці. У выніку кантрабанды 30 шын да грузавых аўтамабіляў дзяржава недаатрымала пошліну на суму 4 мільёны рублёў. Інспектар мытнага пераходу «Махро» (Пінская мытня) абвінавачваецца ў атрыманні хабару. Супрацоўнікі міліцыі затрымалі аўтамабіль «Фольксваген-Транспарцёр», у якім знаходзілася 2 тоны тканін коштам 5 тысяч даляраў ЗША. Высветлілася, што індывідуальны прадпрымальнік даў мытніку хабар у суме 200 даляраў ЗША, за што апошні вызваліў яго ад выплаты мытнай пошліны.

http://brestonline.com/be/news/news1446.html

 Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на БрэстOnline.com абавязковая