|
Яшчэ адну праблему гаспадарчага характару спрабуе вырашыць адмiнiстрацыйным цiскам брэсцкая абласная «вертыкаль». У мiнулы панядзелак на паседжанне выканаўчага камiтэту выклiкалі кiраўнiкоў упраўленняў КДБ, мiлiцыi, мытнi, атрадаў памежнiкаў з Брэсту i Пiнску. Гаспадарнiкi запатрабавалi ад iх справаздачы аб вынiках адмысловых аперацый па спыненні вывазу на тэрыторыю суседнiх абласцей Украiны буйной рагатай жывёлы. Паводле перапiсу, праведзенага сельсаветчыкамi, вясковыя жыхары цягам мiнулага году выгадавалi для продажу амаль 50 тысяч галоў буйной рагатай жывёлы. Калгасы, райспажыўсаюзы i мясакамбiнаты закупiлi толькi 73% ад гэтай колькасцi. А паколькі разлiчваюцца яны несвоечасова i яшчэ застаюцца вiнныя 40 000 000 рублёў, то людзi шукаюць альтэрнатыўны рынак, найчасцей на Украiне. Мясцовая ўлада, аднак, працiвiцца гэтай эканамiчнай iнтэграцыi з суседзямi, i таму на беларуска-ўкраiнскай мяжы ўзмацняецца абарончы кардон. У рашэннi аблвыканкаму ад 28 студзеня 2002 году «Аб мерах па выкараненні незаконнага перамяшчэння жывёлы праз дзяржаўную мяжу» прадугледжваюцца дадатковыя меры пiльнасцi з боку ўсіх так званых сiлавых структураў рэгiёну. У прыватнасцi, у Кобрынскiм, Маларыцкiм, Iванаўскiм, Пiнскiм, Столiнскiм раёнах камерсантаў з Украiны i Беларусi могуць затрымаць за парушэнне правiлаў уезду ў памежныя зоны. Гэта, па сутнасцi, дазваляе нават участковаму затрымлiваць перавозчыка жывёлы i арыштоўваць ягоны груз.
|