БрэстOnline.com: Навіны з Брэста, Беларусь

28 Студзеня 2002
Пад кантролем КДБ

 Сьледзтва па справе так званае "левае мытні", выкрытае на мінулым тыдні берасьцейскімі супрацоўнікамі Камітэту па барацьбе з арганізаванаю злачыннасьцю, будзе адбывацца пад кантролем Рэспубліканскага ўпраўленьня Камітэту дзяржаўнае бясьпекі.
Сьледчыя ўпэўнены, што затрыманыя на мінулым тыдні праграміст аднае з прыватных фірмаў Берасьця й беспрацоўная дзяўчына былі толькі выканаўцамі ў злачыннай групоўцы, якая займалася высакаякаснаю падробкаю мытных дакумэнтаў.
У кампутарах злачынцаў знаходзіліся базы дадзеных на ўсе аўтамабілі, што пераехалі цераз мяжу зь іхнаю дапамогаю. Вялізная колькасьць іх непрыемна ўразіла апэратыўнікаў. Цяпер асноўная задача - знайсьці арганізатараў, зь якімі, ня выключана, могуць быць так ці інакш зьвязаны супрацоўнікі берасьцейскае мытні.
Справа ў тым, што атрымаць, напрыклад, поўныя сьпісы мытнікаў ды іхныя асабістыя пячаткі бяз пэўнае дапамогі з боку самое мытні амаль немагчыма. Менавіта з гэтае прычыны, трэба меркаваць, справу бярэ пад свой кантроль КДБ.

http://brestonline.com/be/news/news1377.html

 Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на БрэстOnline.com абавязковая