БрэстOnline.com: Навіны з Брэста, Беларусь

26 Сьнежня 2001
У Берасьцейскай вобласьці зьмяншаецца сярэдні заробак

 

Сярэдні заробак у Берасьцейскай вобласьці да канца году не дасягнуў узроўню ў 100 даляраў. У апошнія месяцы адзначаецца тэндэнцыя не да росту, а да спаду. Сярэдні заробак за верасень некалькі зьменшыўся ў параўнаньні са жнівеньскім. Гэтая ж тэндэнцыя прасочваецца і ў лістападзе. За мінулы месяц сярэдні заробак па народнай гаспадарцы Берасьцейскай вобласьці склаў 125,8 тысячы, у той час як за кастрычнік – 126,6 тысячы рублёў.
Менш сталі атрымоўваць у прамысловасьці, у будаўніцтве і ў банкаўскай сфэры. Спаў заробак у калгасьнікаў – з 74,9 да 71,5 тысячы рублёў. Нізкім застаецца узровень аплаты працы ў сацзабесьпячэньні – 80,9 тысячы, ва ўстановах культуры – 91,4 тысячы, у мастацтве – 80 тысячаў рублёў. З усіх катэгорыяў працоўных толькі работнікі страхавых фірмаў павялічылі свой сярэдні даход – з 206,7 тысячаў у кастрычніку да 264 тысячаў рублёў у літспадзе.
Згодна дадзеных на сярэдзіну сьнежня, запазычанасьць па заробку ў Берасьцейскай вобласьці пераўзышла 5,5 мільярды рублёў. Восем раёнаў запазычанасьці ня маюць. Існуе мноства праблемаў па разьліках суб’ектаў гаспадараньня. Асабліва напружаная сытуацыя ў гэтым пляне склалася ў сельскай гаспадарцы. Для пагашэньня запазычанасьці вобласьці выдаткавана 2,8 мільярды рублёў з фонду Менсельгаспраму. 1,6 мільярды – са стабілізацыйнага фонду аблвыканкаму і 4,6 мільярды -- банкамі краіны.
http://brestonline.com/be/news/news1324.html

 Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на БрэстOnline.com абавязковая