БрэстOnline.com: Навіны з Брэста, Беларусь

28 Лістапада 2001
Берасьцейская абласная пракуратура абскардзiла апраўдальны прысуд дыякану Калесьнiкаву

 Пракуратура Берасьцейскай вобласьцi накiравала пратэст у сувязi з рашэньнем абласнога суду, якi прызнаў Генадзя Калесьнiкава не вiнаватым у справе аб забойстве праваслаўнага сьвятара айца Мiхаiла Сацюка.
Тыдзень таму судзьдзя Ўладзiмер Вайцяхоўскi абвесьцiў, што вiна былога дыякана Генадзя Калесьнiкава не даказаная i ён мусiць быць апраўданы. Мiж тым, сьледчыя абласной пракуратуры, якiя займалiся гэтай справай, упэўненыя, што забойства настаяцеля берасьцейскай Сьвята-Мiкалаеўскай царквы айца Мiхаiла ў кастрычнiку 1997 году зьдзейсьнiў менавiта Генадзь Калесьнiкаў. Падчас судовага працэсу абвiнаваўчы бок прапанаваў пакараць яго 22 гадамі зьняволеньня.
У пракуратуры вырак суду лiчаць не абгрунтаваным i па-ранейшаму настойваюць на вiнаватасьцi Калесьнiкава. Пракурор Берасьцейскай вобласьцi Валеры Амельянюк накiраваў пратэст на вынесенае судовае рашэньне ў калегiю па крымiнальных справах Вярхоўнага суду Беларусi.
Ня выключана, што калi вырак берасьцейскага суду застанецца ранейшым, Генадзь Калесьнiкаў можа накiраваць пазоў супраць пракуратуры, патрабуючы маральнай кампэнсацыi за праведзеныя ў зьняволеньнi два гады ў чаканьнi суду.

http://brestonline.com/be/news/news1267.html

 Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на БрэстOnline.com абавязковая