|
25 верасьня мэмарыяльнаму комплексу "Берасьцейская крэпасьць-герой" спаўняецца 30 гадоў. Мэмарыял, які зьяўляецца самым буйным у сьвеце, быў створаны за рэкордна кароткі тэрмін - усяго за два гады. Генэральны плян быў зацьверджаны пастановаю Савету Міністраў БССР 6 лістапада 1969 году. Ініцыятарам стварэньня мэмарыялу быў Пятро Машэраў, які прыклаў шмат намаганьняў, каб гэтая задума стала рэальнасьцю. У 1957 годзе адбыўся першы конкурс праектаў, у якім бралі ўдзел прадстаўнікі амаль што ўсіх рэспублік былога Саюзу. Сярод іх былі й спэцыялісты-дойліды, і простыя грамадзяне. Нават дзеці рыхтавалі свае праекты. Ня шмат хто ведае пра тое, што ў Берасьцейскім інжынэрна-будаўнічым інстытуце была зарганізаваная адмысловая выстава ўсіх праектаў, аднак зь цягам часу яны кудысьці зьніклі. Цікава, што аўтары некаторых праектаў зьмяшчалі самую мэмарыяльную частку па-за межамі крэпасьці, прыкладна ля таго месца, дзе зараз знаходзіцца цэнтральны ўваход-"зорка". На задуму аўтараў гэтых праектаў, самі руіны павінны былі застацца некранутымі. Аднак, як гэта часта бывае, перамог не аўтарытэт прафэсіяналаў, а загад чыноўнікаў - і праект быў "прывязаны" да цэнтральнае часткі крэпасьці - цытадэлі. Прынамсі, на практыцы рэалізаваная была толькі частка таго, што плянавалася напачатку. Напрыклад, праект прадугледжваў будаўніцтва адмысловага помніка на Паўночнай высьпе, дзе жылі камандзеры са сваімі сем'ямі. Гэты помнік быў бы прысьвечаны пакутам жанок і дзетак абаронцаў крэпасьці, якія разьдзялілі лёс сваіх мужоў і бацькоў у першыя дні вайны. Аднак стварэньне першай і асноўнае часткі мэмарыяльнага комплексу патрабавала столькі сродкаў, што выдаткі перавысілі заплянаваныя. Таму цалкам уся грандыёзная будоўля так і не была скончаная. Дарэчы, аўтарскі калектыў праекту мэмарыяльнага комплексу так і ня быў вылучаныны на Ленінскую прэмію. Існуе меркаваньне, што сама ідэя стварэньня мэмарыялу атрымала не найлепшае ўвасабленьне. Штучныя канструкцыі дамінуюць над самою крэпасьцю. Былі дэмантаваныя фрагмэнты шэрагу ацалелых будынкаў. Напрыклад, зьнесьлі частку Белага палацу. Калi абвалiлася частка паўночна-заходнiх кружных казармаў, тагачасны камандуючы Беларускае ваеннае акругі маршал Цiмашэнка загадаў цалкам разабраць завалы, i цяпер ад казармаў засталiся толькi падмуркі. Сёньня мэмарыяльны комплекс жыве й, як раней, змагаецца. Асноўныя цяжкасьцi - эканамiчныя. Не стае сродкаў на падтрыманьне ўсiх дэталяў мэмарыялу ў належным стане. Не хапае нават тых грошаў, што пералiчылi на аднаўленьне комплексу нашы блiзкiя й не зусiм блізкія суседзi, у тым ліку Расея, Грузiя й Малдова.
|