|
Прадстаўнікі ўладных структураў Берасьця зноў парушаюць выбарчае заканадаўства, праводзячы агітацыю за Аляксандра Лукашэнку. Чарговы выпадак агітацыі за кандыдата Аляксандра Лукашэнку ў працоўны час зафіксаваны супрацоўнікамі раённага штабу Ўладзімера Ганчарыка. 29 жніўня прадстаўнікі мясцовых уладаў наведалі турбазу "Белае возера" ў Берасьцейскім раёне, дзе правялі сустрэчу з пэрсаналам. Падчас гэтае сустрэчы яны адказвалі на пытанні прысутных і заклікалі іх аддаць свае галасы за Аляксандра Лукашэнку. У якасьці агітатараў на гэтым сходзе выступілі старшыня сельскагаспадарчага калектыўнага прадпрыемства "Астрамечава" Аляксей Скакун, які зьяўляецца даверанай асобай Аляксандра Лукашэнкі, старшыня Знаменскага сельсавету Алена Батрачанка, намесьнік старшыні Берасьцейскага райвыканкаму Васіль Хвацік і галоўны доктар раённага тэрытарыяльнага мэдычнага аб'яднання Ніна Федарук. Сябра раённага штабу Ўладзімера Ганчарыка Зьміцер Трафіменка, які прысутнічаў на гэтай сустрэчы, паведаміў, што людзі выказвалі сваё абурэнне фактам яе правядзеньня ў працоўны час. На паўтары гадзіны праца турбазы была літаральна спаралізаваная: мясцовая крама не працавала, а сустрэчу пэрсаналу з новапрыбылымі прыйшлося перанесьці. Штаб Уладзімера Ганчарыка мае намер даслаць інфармацыю пра гэты інцыдэнт у пракуратуру, бо прадстаўнікі ўлады ізноў парушылі Выбарчы кодэкс, згодна зь якім забараняецца праводзіць такога кшталту сустрэчы ў працоўны час. Да таго ж, арт. 73 Кодэксу таксама забараняе прыцягненьне асобаў, якія знаходзяцца ў падначаленьні ці ў іншай службовай залежнасьці, да зьдзяйсьнення ў працоўны час дзейнасьці, што спрыяе абраньню таго ці іншага кандыдата.
|