Трывожнае становішча ў басейне ракі Заходні Буг разгледжана на адмысловай міжнароднай навуковай канферэнцыі ў горадзе Седльцах, арганізаванай польскім Цэнтрам еўрапейскай інфарматыкі. У прысутнасці экспертаў грамадскіх фондаў і структураў Еўрасаюзу нашыя найбліжэйшыя суседзі занепакоена абмяркоўвалі маруднае прасоўванне ў Беларусі супольнага праекту па развіцці Брэсцкіх ачышчальных збудаванняў, аварыйны стан якіх пагражае чысціні памежнай ракі. А сёння вусце Бугу – найважнейшая крыніца вады для больш як 2,5 мільёнаў насельнікаў Польшчы. Усяго за 800 метраў ад добра вядомага ўсім памежнага пераходу «Варшаўскі мост», што ля Брэсту, кожныя суткі цяпер выліваецца ў лагуны (штучныя вадаёмы-адстойнікі) да 125 тысяч кубічных метраў брудных гарадскіх сцёкаў. Гэта крытычная нагрузка, бо ачышчальныя збудаванні 1969 году, нарошчаныя ў 1981 і 1992 гадах, ужо зноў запоўненыя пад завязку глеевымі адкладаннямі. Каб павялічыць месца для збору большай колькасці сцёкаў, трэба ачысціць дно рэзервуараў ад 250 тысячаў тон вязкага асадку. Будаваць новыя адстойнікі немагчыма: у рызыкоўнай блізкасці ад русла Бугу 8 рукатворных сажалак займаюць ажно 40 гектараў. Грошы заўжды абмінаюць гэты смярдзючы брэсцкі аб’ект, а спусташэнне гарадской казны дзеля пабудовы Лядовага палацу толькі дадало ў трубы бруднай вільгаці і развеяла спадзяванні на дзяржфінансаванне праекту па апрацоўцы глею на ачышчальных збудаваннях. Пры такім перакосе прыярытэтаў нашыя суседзі па Балтыйскім рэгіёне адчулі сябе ў ролі закладнікаў экалагічнай катастрофы. Таму яшчэ з 2000 году Еўрасаюз накіроўвае па лініі гуманітарнай праграмы ТАCIS у Брэст адмыслоўцаў Дацкага агенцтва аховы навакольнага асяроддзя (DЕРА) і Польскага нацыянальнага фонду аховы навакольнага асяроддзя. На месцы замежныя эксперты прыйшлі да высновы, што магчыма рэканструяваць адзін з будынкаў, каб заснаваць тут механічнае абязводжванне глеевых адкладанняў. З гэтага арганічнага рэчыва можна мець нават пэўную гаспадарчую карысць. І хоць прадстаўнікі ЕС адразу прапанавалі зручныя ўмовы супольнага праекту, абяцаючы пастаўку з Даніі дзвюх тэхналагічных установак, наш бок спрабаваў выцыганіць яшчэ большыя льготы. Урэшце толькі на другі год стала вядома, што на праект «Скарачэнне экалагічнай пагрозы ад назапашанага глеевага асадку ў Брэсце» трэба 750 тысячаў амерыканскіх даляраў. 47% гэтай сумы выдаткоўвае DEPA (Данія), 35% – Польскі фонд аховы навакольнага асяроддзя, 10% – ТАСІS і толькі 8% мае адшукаць Брэсцкі гарвыканкам. Аднак, паколькі гэтыя выдаткі загадзя не былі вылучаны ў асобны артыкул гарадскога бюджэту на бягучы год, пачатак рэалізацыі еўрапраекту застаецца праблематычным. За сваю грашовую долю гаспадары «памыйніцы» павінны зрабіць рэканструкцыю будынку для мантажу ў ім абсталявання з Даніі.
Крыніца: Галіна БАРАВАЯ, "НАША СВАБОДА" |
Друкаваць
На гэты час няма ніводнага меркавання. Ты можаш стаць першым! | Гэтая фунцыя толькі для зарэгістраваных карыстальнікаў. | |