Актывісты незарэгістраванага руху "Зубр" распачалі сярод жыхароў Берасьця збор подпісаў пад патрабаваньнем спыніць будаўніцтва могільніку для радыяактыўных адкідаў ля вёскі Струга, што на мяжы Берасьцейскага й Маларыцкага раёнаў. Могільнік будзе збудаваны побач са шматлікімі дачнымі паселішчамі й грыбнымі лясамі. Плянуецца, што ён стане месцам захаваньня радыяактыўнае глебы з так званага аб'екту "802", які знаходзіўся літаральна ў цэнтры Берасьця. Там цягам некалькіх дзесяцігодзьдзяў адбывалася перагрузка ўранавае руды. Жыхары вёсак, што знаходзяцца побач з могільнікам, неаднаразова зьвярталіся да абласных уладаў і дэпутатаў вясковае рады з патрабаваньнямі спыніць будоўлю. Іхны зварот у Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя падтрымаў старшыня Вялікарыцкае вясковае рады Віктар Кірычун. Аднак выканаўчыя ўлады не адмянілі свайго рашэньня. На сёньняшні дзень падрыхтоўка тэрыторыі для будучага могільніку ўжо скончаная, і арганізацыя "Берасьцевадбуд", якое Берасьцейскі аблвыканкам даручыў будаўніцтва гэтага аб'екту, распачала асноўны этап свае працы. У падтрымку патрабаваньняў мясцовых жыхароў выступілі грамадзкія арганізацыі Берасьця. Яны рыхтуюць адмысловы зварот, які будзе накіраваны прэзыдэнту Лукашэнку, у Палату прадстаўнікоў Народнага сходу, старшыні Берасьцейскага аблвыканкаму й адміністрацыі " Берасьцевадбуд". У гэтым звароце, сярод іншага, гаворыцца: "Будаўніцтва магільніку прывядзе да павелічэньня захворваньняў і пагаршэньня экалягічнае сытуацыі ў горадзе". Збор подпісаў пад зваротам вядуць сябры Руху супраціву "Зубр". Яны ўжо наведалі жыхароў тых вёсак, што знаходзяцца паблізу ад палігону, і цяпер зьбіраюць подпісы ў абласным цэнтры. Берасьцейцы падпісваюцца ахвотна, і на сёньняшні дзень колькасьць подпісаў дасягнула ўжо некалькіх соцень.
Крыніца: Ігнат Чарнецкі, Radyjo Racyja |
Друкаваць
На гэты час няма ніводнага меркавання. Ты можаш стаць першым! | Гэтая фунцыя толькі для зарэгістраваных карыстальнікаў. | |