Белавеская пушча, найстарэйшы запаведнік Эўропы, - гэта старажытны прыродны парк з пракаветнымі дрэвамі: тут захаваліся пяцісотгадовыя дубы дыямэтрам да двух мэтраў, трохсотгадовыя хвоі вышынёю 50 мэтраў. Пушча - гэта непаўторная экасыстэма. Пушча - гэта ўнікальная навуковая база для біёлягаў, эколягаў. Гэта музэй прыроды пад адкрытым небам. Але цяпер Нацыянальны парк перажывае не найлепшыя свае часы.
У мінулыя часы Белавеская пушча была паляўнічай гаспадаркай вялікіх князёў літоўскіх, польскіх каралёў, расейскіх цароў і савецкага Палітбюро. Гэта нацыянальная годнасьць Беларусі й сымбаль нашае краіны. Менавіта зь Белавескай пушчы, з урадавай рэзыдэнцыі Віскулі пачаўся адлік новай эры - распаду СССР і стварэньня маладых незалежных дзяржаваў.
Пушча лічыцца Нацыянальным паркам, але дагэтуль статусу Нацыянальнага парку няма, ёсьць інструкцыі, зацьверджаныя Берасьцейскім аблвыканкамам. Паводле гэтай інструкцыі, Нацыянальны парк павінен выконваць сем наступных задач: ахова прыроды, захаваньне біялягічнай разнастайнасьці, правядзеньне навуковых дасьледаваньняў, маніторынг, разьвіцьцё турызму, экалягічная адукацыя й самае апошняе - гаспадарчая дзейнасьць, якая не супярэчыць прынцыпам аховы прыроды.
Пяць гадоў таму ўнікальны прыродны запаведнік "Белавеская пушча" атрымаў адмысловы дыплём Рады Эўропы, і выкананьне яго ўмоваў і рэкамэндацыяў мусіла стаць важнай праверкай адпаведнасьці ўзнагароджанага аб'екту прынцыпам прыродазахаваньня. На думку беларускіх эколягаў, навукоўцаў, палітыкаў, рэкамэндацыі дыплёму не выконваліся, стан пушчы значна пагоршыўся - замест прыродаахоўных мерапрыемстваў там вядуцца прамыслова-гаспадарчыя працы.
Галоўны рэдактар газэты "Белавеская пушча" Валер Дранчук: - Наведваючы пушчу цягам апошніх пяці гадоў, у пэрыяд дзеяньня гэтага дыплёму Рады Эўропы, мне якраз было бачна: тэндэнцыя ідзе да нарошчваньня менавіта гаспадарчага патэнцыялу, гаспадарчых мэханізмаў. Гэта супярэчыць ня толькі ўмовам і рэкамэндацыям эўрапейскага дыплёму, але й нават нашаму заканадаўству. Белавеская пушча - не звычайны лес, не лесгас, а Нацыянальны парк. Гэта наша ахоўная тэрыторыя.
Сытуацыя ў Белавескай пушчы значна пагоршылася ў 2001 годзе, калі на ахоўнай тэрыторыі актывізаваліся нарыхтоўкі жывога лесу, пачаліся вялікія так званыя "санітарныя высечкі".
Натуральна, Белавеская пушча - гэта вялікая лясная гаспадарка, якая павінна быць рэнтабэльнай і прыносіць прыбыткі. Але цяпер пушча перажывае не найлепшыя свае часы. Не хапае сродкаў на навуковыя дасьледаваньні, на падтрыманьне экалягічнага балянсу. Зьмяняюцца кіраўнікі, звальняюцца навукоўцы, вырубаюцца ўнікальныя расьліны пад прыкрыцьцём санітарных высечак лесу. Безьліч праблемаў, якія пераходзяць ад аднаго кіраўніка да ягоных наступнікаў.
Адлік пушчанскіх праблемаў трэба пачынаць з былога дырэктара запаведніку Васіля Жукава. На яго ўсклалі задачу забясьпечыць эканамічную стабільнасьць і прыбытковасьць Нацыянальнага парку. Для гэтага ён набыў тартак (лесапільню). З гэтаю мэтаю спадар Жукаў узяў валютны крэдыт, які перайшоў у спадчыну ягоным пераемнікам. Сваю задачу Васіль Жукаў выканаў з дакладнасьцю да наадварот. Падчас ягонага кіраўніцтва Белавеская пушча як гаспадарчая адзінка ўвогуле стала стратнаю.
Месца спадара Жукава заступіў ягоны намесьнік Міхаіл Жураўлёў. Аднак ягонае кіраўніцтва супрацоўнікам Нацыянальнага парку нічым асаблівым не запомнілася. З палёгкаю яны ўздыхнулі толькі тады, калі Ўпраўленьне справамі Адміністрацыі прэзыдэнта ўхваліла кандыдатуру Яўгена Смактуновіча. Спадар Смактуновіч - пушчанец у трэцім калене: тут працавалі й ягоны дзед, і бацька. Сам Яўген Смактуновіч вырос у Пушчы, працаваў навуковым супрацоўнікам, а перад прызначэньнем на пасаду дырэктара 3 гады быў галоўным лясьнічым. На жаль, спадар Смактуновіч ачольваў пушчанскую адміністрацыю менш за паўгода. Пасьля таго, як ён прапанаваў выключыць з гаспадаркі набыты былым дырэктарам Васілём Жукавым тартак, ва Ўпраўленьні справамі Адміністрацыі прэзыдэнта палічылі, відаць, што з такім дырэктарам пушча прыбытку не пабачыць. Менавіта таму замест Яўгена Смактуновіча прызначылі Мікалая Бамбізу, шэраговага навукоўца, але выбітнага гаспадара, які праявіў свае здольнасьці яшчэ ў Прыпяцкім запаведніку.
Распавядае наш берасьцейскі карэспандэнт Сяргей Місіюк: - Некалькі год таму Мікалай Бамбіза ачольваў адміністрацыю Прыпяцкага Нацыянальнага парку. І ўжо тады атрымаў сумную вядомасьць сярод незалежных эколягаў, дзякуючы так званым санітарным высечкам лесу. Тэрыторыя, дзе ішлі высечкі, мелі статус павышанай сакрэтнасьці, і ніякіх экспэртаў туды не дапускалі. Пасьля спадар Бамбіза працаваў у Міністэрстве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя. Менавіта адтуль Упраўленьне справамі Адміністрацыі прэзыдэнта накіравала яго ачольваць Нацыянальны парк "Белавеская пушча". Па неафіцыйных зьвестках, сваю ролю адыграла даўняе знаёмства Мікалая Бамбізы з Галінай Жураўковай, якая ачольвае Ўпраўленьне. Вядома, што іх зьвязвае колішняя сумесная праца на Прыпяці.
У хуткім часе пасьля зьмены кіраўніцтва пушчу наведала адмысловая камісія, у склад якой увайшлі прадстаўнікі Міністэрства лясной гаспадаркі і Ўпраўленьня справамі Адміністрацыі прэзыдэнта. Гэтая камісія дасьледавала некалькі лясных кварталаў, дзе растуць векавыя яліны, і выявіла, што дрэвы стачыў шашаль-тапограф. Паводле рашэньня камісіі, сточаны лес падлягаў зьнішчэньню. Аднак некаторыя супрацоўнікі запаведніку вырашылі, што навала шашаля - вельмі зручная нагода для таго, каб запусьціць тартак і разьлічыцца нарэшце за валютны крэдыт. Зацікаўленасьць у гэтым новага кіраўніцтва Белавескай пушчы ня цяжка было растлумачыць. Атрымлівалася так, што палепшыць справы нацыянальнага парку новы дырэктар зьбіраўся за кошт тае самае прыроды, аховаю якой павінен быў займацца. Пачалі біць у званы навукоўцы й зялёныя. Некалькі недзяржаўных выданьняў, наперш газэта "Белавеская пушча", надрукавалі зварот у абарону пушчы. Вынікам стала стварэньне яшчэ адной камісіі, у склад якой увайшлі адмыслоўцы Нацыянальнай Акадэміі навук, а таксама супрацоўнікі Нацыянальнага парку.
С.М.: - Тады й высьветлілася, што высечка лесу пачалася яшчэ да афіцыйнага дазволу зь Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя. Да таго ж, яна не зьяўлялася дастаткова абгрунтаванаю. Высечку часова спынілі, але цягам бліжэйшых месяцаў аднавілі, і зараз працягваюць зноў. Адміністрацыя Пушчы па-ранейшаму цьвердзіць, што гэта вырубка па-ранейшаму зьяўляецца санітарнаю. Аднак шмат эколягаў называюць яе прамысловаю з-за тых буйнвых масштабаў, якія яна атрымала апошнім часам. Вынікам ўскладненьня сытуацыі вакол тартаку стаўся падзел калектыву Нацыянальнага парку на два лягеры й абвостраная барацьба паміж імі. Цягам апошніх месяцаў былі звольненыя некалькі дзясяткаў спэцыялістаў, якія адважыліся выказаць сваю незадаволенасьць з учынку новага дырэктара. Сярод апошніх быў і намесьнік па навуковай працы, кандыдат біялягічных навук Георгі Казулька. Ён займаў гэтую пасаду цягам апошніх трох гадоў і ўдзельнічаў у распрацоўцы некалькіх міжнародных прыродаахоўных праектаў. Пасьля прызначэньня дырэктарам Мікалая Бамбізы праца па гэтых праектах, што, дарэчы, фінансаваліся з-за мяжы ў той самай валюце, была спыненая. На знак пратэсту Георгі Казулька напісаў заяву аб пераводзе яго на пасаду шараговага навуковага супрацоўніка. Аднак замест гэтага ён атрымаў паведамленьне аб сканчэньні працы ў Нацыянальным парку з фармулёўкаю: "у зьвязку з заканчэньнем кантракту". Наступны кандыдат на звальненьне - Яўген Смактуновіч, які пасьля прызначэньня спадара Бамбізы дырэктарам Нацыянальнага парку зноў вярнуўся на пасаду галоўнага лясьнічага. Ягоная пазыцыя адносна тартаку засталася нязьменнай, і дзячкуючы ёй ён атрымаў ужо два дысцыплінарныя папярэджаньні. Пагражала спадару Смактуновічу й трэцяе, але калі ён пра гэта даведаўся, ня вытрымала сэрца - і галоўны лясьнічы трапіў у шпіталь. Зараз ён вярнуўся да працы, аднак упэўнены, што ў хуткім часе адміністрацыя зноў паспрабуе пазбыцца яго. Нагадаем, што яшчэ міністар лясной прамысловасьці былога СССР спадар Самойленка спрабаваў давесьці мэтазгоднасьць штогадовай высечкі драўніны з 75 тысячаў кубамэтраў, якія вырубаліся з санітарнымі мэтамі, аж да паўмільёна. Тагачасны дырэктар Уладзімер Раманаў здолеў абараніць пракаветную пушчу ад прамысловае высечкі. А што да спадара Бамбізы, то ёсьць падставы меркаваць, што ён на абарону лесу ня стане.
Навукоўцы, эколягі б'юць трывогу, што пушча стала прамысловым аб'ектам, лясной гаспадаркай. Дасьледаваньні, навуковая дзейнасьць адышлі на вельмі далёкі плян.
Кандытат біялягічных навук, былы намесьнік па навуцы Нацыянальнага парку Георгі Казулька: - Сёньняшняя гаспадарчая дзейнасьць супярэчыць прынцыпам аховы прыроды. Калі гаварыць пра тое, што пушча - гэта ня проста нацыянальны парк, а біясфэрны запаведнік, у якім павінна захоўвацца дзікая прырода, першабытны прыродны лес, то сёньня пра пракаветны дзікі лес і гаворкі ісьці ня можа. Сёньня ў Белавескай пушчы наагул няма такога паняцьця - дзікая прырода. Усё максымальна накіраванае на задавальненьне нейкіх гаспадарчых інтарэсаў. А ахову прыроды часьцяком выкарыстоўваюць як прыкрыцьцё гэтых гаспадарчых мэтадаў. Праблема палягае ў тым, што ў нацыянальным парку, у запаветным лесе павінны выкарыстоўвацца спэцыяльныя мэтодыкі й тэхналёгіі, якіх, магчыма, яшчэ й няма, але іх трэба распрацоўваць. Аднак сёньня тут спрабуюць укараніць лясгасаўскія тэхналёгіі. А яшчэ большая праблема ў тым, што ў парку створаная абстаноўка, у якой практычна адсутнічаюць дыскусіі й абмеркаваньне. Навука бяз гэтага бессэнсоўная. Навука - гэта спрэчкі, дыскусіі ў цывілізаваных рамках. Вось гэтага сёньня няма. Жорсткая камандна-адміністратыўная сыстэма, асабліва ў навуцы, бессэнсоўная. У такіх умовах навука, вядома ж, існаваць ня можа.
Два тыдні таму вялікая група вядомых грамадзкіх і навуковых дзеячоў Беларусі выступіла са зваротам да Рады Эўропы. Беларускія эколягі, навукоўцы, дэмакратычная грамадзкасьць устурбаваныя сытуацыяй у Нацыянальным парку "Белавеская пушча". Яны просяць экспэртаў Рады Эўропы не сьпяшацца з тым, каб падоўжыць дзеяньне эўрапейскага дыплёму Белавескай пушчы.
Сярод падпісантаў звароту такія вядомыя ў Беларусі людзі, як народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч, акадэмік Радзім Гарэцкі, пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч, прафэсар-фізык Юры Хадыка, галоўны рэдактар газэты "Белавеская пушча" Валер Дранчук, прафэсар-географ Валянцін Яцухна, старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Тацяна Процька, міжнародны каардынатар "Хартыі-97" Андрэй Саньнікаў, старшыня праваабарончага цэнтру "Вясна" Алесь Бяляцкі.
Выпадак, мякка кажучы, не зусім ардынарны: беларуская інтэлігенцыя заклікала ўплывовую міжнародную арганізацыю не сьпяшацца з падаўжэньнем дзеяньня эўрапейскага дыплёму, накіраваць у Белавескую пушчу экспэртаў, зьдзейсьніць кантрольную праверку выкарыстаньня папярэдніх мэтавых грантаў - і толькі пасьля гэтага прыняць узважанае рашэньне.
Як паведаміла нам супрацоўніца Дэпартамэнту аховы навакольнага асяродзьдзя Рады Эўропы Франсуаза Баэр, 28 студзеня рашэньне прынятае: Рада Эўропы працягнула дзейнасьць эўрапейскага дыплёму яшчэ на 5 гадоў, але з цэлым пакетам рэкамэндацыяў і заўвагаў.
І ўсё ж такі, ці ёсьць выйсьце з гэтай складанай сытупацыі? Меркаваньне кандыдата біялягічных навук Георгія Казулькі.
Г.К.: - Выйсьце? Павінны быць прынятыя цывілізаваныя правілы гульні. А сёньня тут правілы нецывілізаваныя. А гэта залежыць сёньня толькі ад кіраўніцтва. Сёньня кіраўніцтва й у пушчы, і ў Менску не жадае ісьці на нармальныя цывілізаваныя правілы гульні. У прэсе з боку дырэкцыі нацыянальнага парку ўвесь час гаворыцца, што навукоўцы выступаюць супраць гаспадараньня, супраць высечак лесу. Гэта ня так. Мы, навукоўцы, ня супраць гаспадарчых мэтадаў. Мы супраць барбарскіх мэтадаў. Мы выступаем за тое, каб гаспадараньне не супярэчыла прынцыпам аховы прыроды. А гэтага сёньня не атрымліваецца, бо дырэкцыя Нацыянальнага парку жорстка ўкараняе мэтады, якія супярэчыць прынцыпам аховы прыроды. Дарэчы, наша суседка, Польшча, знайшла цывілізаванае рашэньне. Польская тэрыторыя пушчы - гэта экалягічны прыродны запаведнік, і ні пра якую гаспадарчую дзейнасьць гаворка нават не ідзе.
Крыніца: Іна Студзінская, Radyjo Racyja |
Друкаваць
На гэты час няма ніводнага меркавання. Ты можаш стаць першым! | Гэтая фунцыя толькі для зарэгістраваных карыстальнікаў. | |