Гвалтоўная смерць напаткала ў Брэсце начальнiка тамтэйшага фiлiялу Рэспублiканскага унiтарнага прадпрыемства «Iнтэраўтатранс» Мiхаiла Зубава. Яго даставілі ў рэанiмацыйнае аддзяленне абласной бальнiцы з вулiцы Арлоўскай, непадалёк ад свайго пад’езду. Паводле мiлiцэйскага пратаколу, невядомыя падпiльнавалi М.Зубава ў вячэрнi час i, напаўшы, праламалi яму чэрап. Трагедыя разыгралася ў мiнулы чацвер, 24 студзеня. А днём напярэдаднi ў Брэсце прайшлi сенсацыйныя арышты «падпольнай мытнi». Супрацоўнiкi ўпраўлення Камiтэту па барацьбе з арганiзаванай злачыннасцю i карупцыяй выкрылi арсенал падручных сродкаў, якiя дазвалялі, абмiнаючы мытны тэрмiнал, афармляць грузы ў любую краiну свету. Гэта 59 нумарных асабiстых пячатак мытнiкаў, 14 штампаў мытнi «Заходнi Буг», 4 памежныя i 2 мытныя штампы Лiтоўскай рэспублiкi i штамп службы каранцiннага кантролю. Акрамя таго – капiравальная тэхнiка, звыш 200 чыстых бланкаў з пячаткамi i атрыбутамi разнастайных замежных камерцыйных фiрмаў, больш за 8 тысяч амерыканскiх даляраў. У кватэры з гэтай маёмасцю затрыманыя нiдзе не працуючая 23-гадовая берасцейка i мужчына-праграмiст 1973 году нараджэння, жыхар Брэсцкага раёну. Аператыўнiкi пакуль адмаўляюцца ад якiх-небудзь каментарыяў па гэтых дзвюх крымiнальных справах, а тым больш не жадаюць прызнаваць магчымае сувязі мiж iмi.
Крыніца: Мiкола НЯЗЛОМНЫ, НАША СВАБОДА |
Друкаваць
На гэты час няма ніводнага меркавання. Ты можаш стаць першым! | Гэтая фунцыя толькі для зарэгістраваных карыстальнікаў. | |