На мінулым тыдні камунальнае ўнітарнае прадпрыемства "Брэсцкі камбінат безалькагольных напояў" ператворана ў адкрытае акцыянэрнае таварыства "Брэсцкае піва", і цяпер чакае расейскіх інвэстараў. Яшчэ напрыканцы мінулага году Камітэт дзяржаўнае маёмасьці Рэспублікі Беларусь даў дазвол на акцыянаваньне Берасьцейскага камбінату безалькагольных напояў. Прыкладна тады ж у друку зьявілася інфармацыя, што ў хуткім часе прадпрыемства павінна падпісаць кантракт з адным з расейскіх бровараў. Тое, што камбінату інвэстыцыі патрэбны, як паветра, сакрэтам ні для кога не зьяўляецца. За трыццаць год ягонага існаваньня амаль што выпрацавалі рэсурс асноўныя фонды, а тэхналягічнае абсталяваньне патрабуе кардынальнага абнаўленьня. Сродкаў на гэта няма ні ў дзяржавы, ні ў прадпрыемства. У такім становішчы зьнешнія інвэстыцыі - найбольш прыдатнае вырашэньне праблемы. Берасьцейцы разьлічваюць, што на плечы будучых кампаньёнаў ляжа й цяжар рэклямнае кампаніі. Справа ў тым, што, нягледзячы на высокую якасьць, пацьверджаную пятнаццацю ўзнагародамі на міжнародных выставах, берасьцейскае піва па сваёй папулярнасьці саступае расейскаму - асабліва сярод маладых гараджан. На сёньняшні дзень найбольш актуальным пытаньнем застаецца схема акцыянаваньня прадпрыемства. Яна пакідае працоўнаму калектыву, як кажуць, мізэрны шанец на самакіраваньне: заплянавана, што супрацоўнікі прадпрыемства будуць мець права набыць толькі дзесяць адсоткаў ад агульнае колькасьці акцыяў. Кантрольны пакет, трэба меркаваць, атрымае дзяржава, астатняе ж возьме патэнцыйны інвэстар. Апошнім часам у гэтай якасьці згадваюць расейскае закрытае акцыянэрнае таварыства "Ачакава" й "Бровары Івана Таранава". З афіцыйных зьвестак, справа пакуль што не пайшла далей за кансультацыйныя сустрэчы. Аднак у колах, блізкіх да кіраўніцтва "Брэсцкага піва", найбольш верагодным інвэстарам лічаць "Ачакава", які займае трэцяе месца сярод расейскіх бровараў. Да таго ж, і "Ачакава", і берасьцейцы вырабляюць ня толькі піва, але й безалькагольную прадукцыю, у тым ліку - мінэральную ваду. Тут, у адрозьненьне ад "Бровараў Івана Таранава", мае месца поўная адпаведнасьць асартымэнту, што не патрабуе зьмены профілю тэхналягічнага абсталяваньня. У працоўным калектыве "Брэсцкага піва" ніхто ня супраць расейскіх інвэстыцыяў. Аднак ня можа ня выклікаць абурэньня той факт, што пры вышэйзгаданым раскладзе акцыянаваньня ні дзяржава, ні расейскі інвэстар не пакідаюць супрацоўнікам прадпрыемства магчымасьці прымаць вызначальныя рашэньні на агульным сходзе акцыянэраў. Цікава, што, напрыклад, у саміх "ачакаўцаў" сто адсоткаў акцыяў належыць супрацоўнікам кампаніі.
Крыніца: Сяргей Місіюк, Radyjo Racyja |
Друкаваць
На гэты час няма ніводнага меркавання. Ты можаш стаць першым! | Гэтая фунцыя толькі для зарэгістраваных карыстальнікаў. | |