|
Да сёньняшняга дня на Берасьцейшчыне плянавалі лiквiдаваць запазычанасьць па заробках. Але загад мясцовай вэртыкалi ня быў выкананы: паводле афiцыйных зьвестак, гэтая запазычанасьць складае каля 5 мiльярдаў рублёў. Фактычна запазычанасьць яшчэ большая. Берасьцейскiя ўлады сьцьвярджаюць, што ў апошнiя днi зробленыя iстотныя захады, каб у вобласьцi была лiквiдаваная ўся запазычанасьць па заробках. Чыноўнiкi аблвыканкаму пазьбягаюць канкрэтных лiчбаў, бо па iхных словах, зьвесткі зьмяняюцца штодня. Мiж тым, па вынiках лiстапада запазычанасьць па заробках на Берасьцейшчыне складала 7 мiльярдаў 744 мiльёны рублёў (гэта амаль 15% усяго фонду заработнай платы). На сэсii абласнога савету дэпутатаў, якая прайшла напярэдаднi Калядаў, была названая iншая лiчба — каля 5 мiльярдаў рублёў. З гэтага можна меркаваць, што загад старшынi аблвыканкаму Васiля Даўгалёва, якi тычыцца лiквiдацыi запазычанасьцi да 26 сьнежня, ня будзе выкананы. Асноўны цяжар даўгоў традыцыйна кладзецца на аграрны сэктар. Улады праявiлi вынаходлiвасьць i дазволiлi гаспадаркам разьлiчыцца зь сялянамi сельгаспрадукцыяй. У некаторых калгасах натуральная форма аплаты працы дасягнула 100%, таму грошай напярэдаднi сьвятаў вяскоўцы не дачакалiся. Няма магчымасьцi iстотна зьменшыць запазычанасьць i на прамысловых прадпрыемствах: трэцяя частка ўсёй вырабленай сёлета прадукцыi застаецца нерэалiзаванай. Заробак апошнiх месяцаў на большасьцi прадпрыемстваў вобласьцi (напрыклад, на берасьцейскiх электрамэханiчным, электралямпавым заводах ды "Цьветатроне") выплачваецца выключна за кошт банкаўскiх крэдытаў. Разам з тым, прамысловасьць ня ў стане разьлiчыцца за раней атрыманыя крэдыты i плацiць падаткi ў бюджэт, у вынiку чаго на шэрагу прадпрыемствах маёмасьць апiсаная падатковымi органамi. Зьвяртае на сябе ўвагу яшчэ адна акалiчнасьць: паводле афiцыйных дадзеных, сярэднi памер заробку на Берасьцейшчыне апошнiм часам няўхiльна меншае i зараз складае крыху больш за 125 тысяч рублёў. Мясцовыя ўлады прызнаюць, што абяцаньне забясьпечыць зарплату на 100 амэрыканскiх даляраў застаецца недасягальным.
Крыніца: Алег Супрунюк, Берасьце, Беларуская служба Радыё С |
Друкаваць
На гэты час няма ніводнага меркавання. Ты можаш стаць першым! | Гэтая фунцыя толькі для зарэгістраваных карыстальнікаў. | |
|