Вышэйшы гаспадарчы суд Рэспублікі Беларусь не прыняў зыскавае заявы незалежнага тыднёвіка "Брестский курьер" да Міністэрства інфармацыі аб скасаваньні папярэджаньня, вынесенага газэце неўзабаве пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. За прычыну вынесенага незалежнаму выданьню папярэджаньня стаў надрукаваны ў адным са жнівенькіх нумароў зварот берасьцейскага абласнога штабу адзінага кандыдата ад дэмакрытчнае супольнасьці Ўладзімера Ганчарыка. Аўтары гэтага звароту выказвалі сваё абурэньне тэндэнцыйнасьцю асьвятленьня выбарчае кампаніі ў дзяржаўных мэдыях і патрабавалі "спыніць цкаваньне дэмакратычных кандыдатаў". У Дзяржкамдруку, аднак, прынялі гэта за злоўжываньне свабодаю слова й афіцыйна папярэдзілі "Брестский курьер" пра недапушчальнасьць гэтакіх дзеяньняў, матывуючы тым, што зварот падпісаны лідэрамі абласных арганізацыяў грамадзкіх аб'яднаньняў і палітычных партыяў, якія не прайшлі дзяржаўнае рэгістрацыі ў мясцовых органах улады: у прыватнасьці, Аб'яднанае грамадзянскае партыі й Беларускае сацыял-дэмакратычнае партыі "Народная грамада". Аднак рэдакцыя незалежнага штотыднёвіка не пагадзілася з высновамі чыноўнікаў і палічыла папярэджаньне неабгрунтаваным. Па-першае, зварот быў надрукаваны ў газэце ад імя берасьцейскага абласнога штабу адзінага кандыдата, пра што й паведамлялася ў пачатку тэксту: "Мы, прадстаўнікі берасьцейскага абласнога штабу адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў на пасаду прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь Уладзімера Ганчарыка…". Гэтакім чынам, атрымліваецца, што фізычныя асобы, якія падпісалі зварот, дзейнічалі не ад імя сваіх арганізацыяў, а толькі пазначылі сваю прыналежнасьць да іх. Да таго ж, згодна з артыкулам 18 Рэспублікі Беларусь "Аб палітычных партыях", арганізацыйныя структуры зарэгістраваных у краіне палітычных партыяў, якія не зьяўляюцца юрыдычнымі асобамі, не павінны праходзіць дзяржаўнае рэгістрацыі: ім дастаткова стаць на ўлік у мясцовых органах юстыцыі. На падставе вышэйпералічаных фактаў рэдакцыя газэты "Брестский курьер" выставіла зыск супраць Міністэрства інфармацыі, у якое Дзяржкамдрук быў пераўтвораны Ўказам прэзыдэнта ад 24-га верасьня бягучага году. Аднак спадар Маркоўскі - судзьдзя Вышэйшага гаспадарчага суду Рэспублікі Беларусь, у які была накіравана зыскавая заява, вярнуў яе з прычыны таго, што падпісана яна не галоўным рэдактарам газэты "Брестский курьер", а дырэктарам таварыства з абмежаванай адказнасьцю гэтага друкаванага органа Мікалаем Аляксандравым. Спадар Маркоўскі ж спасылаецца на артыкул 20-ы Закону Рэспублікі Беларусь "Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі", згодна зь якім інтарэсы рэдакцыі ў зносінах зь юрыдычнымі асобамі, а таксама й у судзе, прадстаўляе галоўны рэдактар. Між тым, спадар Аляксандраў, абраны дырэктарам таварыства, адначасова зьяўляецца й галоўным рэдактарам газэты "Брестский курьер". Міхаіл Пастухоў, прафэсар права й кіраўнік Цэнтру прававой абароны СМІ пры Беларускай асацыяцыі журналістаў, назваў чыста фармальнымі тыя абставіны, на аснове якіх судзьдзя Вышэйшага гаспадарчага суду вярнуў зыскавую заяву незалежнага штотыднёвіка. Ён лічыць, што абмежаваньні на разгляд гэтае заявы павінны быць скасаваны. Тым часам рэдакцыя "Брестского курьера" зьбіраецца абскардзіць рашэньне суду.
Крыніца: Сяргей Місіюк, Radyjo Racyja |
Друкаваць
На гэты час няма ніводнага меркавання. Ты можаш стаць першым! | Гэтая фунцыя толькі для зарэгістраваных карыстальнікаў. | |