click here to VIEW OVER 350 PHOTOS ABOUT BREST
english version english version
 Прывітанне, Госць Iмя: Пароль:   Зарэгістравацца Забыліся пароль?
Навігатар сайту
Пачатак
Навіны з Брэста архіў
Даведнік абноўлена
Пра Брэст новае
Фотагалерэя 592
Мапы новае
Сэрвисы
Дыскусыйны форум
Вэб-камера он-лайн

Старонка: [1] 2 3 ... Апошняя »

30 Ліпеня 2000
Чалавек загінуў. Вінаватых няма.

 Бацька Ірыны Панасюк, якая загінула пад коламі службовага аўтамабіля старшыні Берасьцейскага аблвыканкаму Васіля Даўгалёва, наважаны звярнуцца па дапамогу да Аляксандра Лукашэнкі, калі ня будзе праведзена дарасьследаваньне крымінальнай справы па факту здарэння. Трагедыя адбылася позна ўвечары 8 траўня на аўтадарозе Менск – Берасьце каля вёскі Тэльмы. Службовы аўтамабіль кіраўніка абласной "вертыкалі" зьбіў маладую жанчыну, якая ішла па абочыне. Ад траўмаў яна памерла. Была ўзбуджана крымінальная справа, аднак у ліпені яе спынілі "за адсутнасьцю складу злачынства".

28 Ліпеня 2000
У Берасьцi ўрачыста адкрыты Лядовы Палац, якi будаваўся на асабiсты загад Аляксандра Лукашэнкi.

 Будаваць Лядовы Палац пачалi ў 98-м годзе, калi Аляксандар Лукашэнка выдаткаваў на гэтыя мэты грошы са свайго прэзыдэнцкага фонду. Плянавалася, што Палац будзе гатовы ўжо праз год, але непадрыхтаванасьць праекту i адсутнасьць дадатковага фiнансаваньня прывялi да таго, што тэрмiны ўводу гэтага аб’екту неаднаразова пераносiлiся. Нарэшце было вырашана прымеркаваць адкрыцьцё Лядовага Палацу да чарговай гадавiны вызваленьня Берасьця ад фашысцкiх захопнiкаў i сьвята гораду.

Дарэчы, да гэтае падзеi, у Берасьцi, якi ня мае традыцыяў зiмовых вiдаў спорту, распачалiся пошукi тых, хто здольны быў бы згуляць у хакей супроць каманды Аляксандра Лукашэнкi. Але насуперак усiм чаканьням галоўны хакеiст краiны на адкрыцьцё берасьцейскага палацу не прыехаў, а замест хакейнага матчу гледачам прапанавалi эстрадна-цыркавое шоу Санкт-Пецярбурскага тэатру на лёдзе.

Для многiх жыхароў гораду ўвогуле засталося неўразумелым, як пры цяперашняй эканамiчнай сытуацыi, улады могуць дазволiць сябе кiдаць велiзарныя грошы на такую новабудоўлю (яе кошт ацэнены ў тры з паловаю мiльёны амэрыканскiх даляраў).

Асаблiва абураюцца самi будаўнiкi мясцовага трэсту №8, што займалiся ўзьвядзеньнем Лядовага Палацу: нягледзячы на статус першачарговага аб’екту, будаўнiкам сыстэматычна затрымлiвалi выплату заробку, i нават цяпер, калi Палац гатовы, яны не дачакалiся канчатковага разьлiку за сваю працу. Будаўнiкi вельмi нэгатыўна ўспрымаюць сам факт узьвядзеньня Лядовага Палацу яшчэ й таму, што з-за яго будаўнiцтва фактычна спыненая праца на iншых новабудоўлях гораду – у тым лiку шматпрофiльнай больнiцы i жыльлёвых аб’ектах.

Да гэтага трэба дадаць, што эксплюатацыя Палацу будзе абыходзiцца зусiм ня танна i патрабаваць вялiкай колькасьцi энэргарэсурсаў. Нават цяпер, пад час жнiва, у Берасьцейскай вобласьцi склалася катастрафiчная сытуацыя з палiвам. З надыходам ацяпляльнага сэзону становiшча традыцыйна яшчэ больш пагаршаецца i зьяўленьне Лядовага Палацу, хутчэй за ўсё, прынясе толькi дадатковыя клопаты камунальнай гаспадарцы.


Алег Супрунюк, Берасьце, "Радыё Свабода"

28 Ліпеня 2000
Дзень Незалежнасьці сьвяткаваўся і ў Баранавічах

 У Баранавічах сёньня меўся адбыцца пікет да Дня Незалежнасьці, аднак гарадзкія ўлады не далі дазволу мясцовай арганізацыі БНФ “Адраджэньне” на яго правядзеньне. Але ініцыятары акцыі вырашылі выйсьці на замоўленае месца ў замоўлены час.
Каля двух дзесяткаў чалавек сабраліся а 17-й гадзіне ў баранавіцкім гарадзкім парку культуры і адпачынку. Без плякатаў і сьцягоў – людз проста прыйшлі адпачываць. Гучала гітара, ліліся беларускія песьні.
Некалькі маладых хлапцоў усё ж спрабавалі пасярод парку на флагштоку вывесіць бел-чырвона-белы сьцяг. Аднак тут жа зьявіліся трое АМАПаўцаў і назіралі з боку за акцыяй, пакуль людзі ціха і спакойна не разыйшліся.

Алесь Горбач, Баранавічы, "Радыё Свабода"

28 Ліпеня 2000
Бел-чырвона-белы сьцяг у пінскім небе

 Сёньня ў Пінску на праспэкце Жалтоўскага ў раёне прадпрыемства “Гарпалівазбыт” лунаў бел-чырвона-белы сьцяг. Невядомыя вывесілі яго на высакавольтнай лініі электраперадач.
Праспэкт Жалтоўскага, дзе быў вывешаны бел-чырвона-белы сьцяг, вядзе да заходняга прамысловага вузла – раёну зь некалькімі буйнымі прадпрыемствамі. Таму раніцай рабочыя, што ехалі на працу праз праспэкт, маглі бачыць нацыянальны беларускі сьцяг, што быў прымацаваны невядомымі нават не да апоры, але проста да дроту на адлегласьці некалькі дзясяткаў мэтраў ад апоры. Трэба адзначыць, што па такога кшталту лініях электраперадач перадаецца электраэнэргія напружаньнем 110 тысячаў вольтаў. Да таго ж электрадрот знаходзіцца на вышыні прыкладна 15 мэтраў ад зямлі. Цяжка ўявіць, як можна было прымацаваць сьцяг у дождж, у начы і ў такім месцы без дапамогі адмысловай тэхнікі.
Праўдападобна, што ў Пінскіх электрычных сетках пра сьцяг даведаліся ад карэспандэнта Радыё Свабода. Паводле словаў спэцыялістаў службы лініяў, для таго, каб зьняць сьцяг, давядзецца накіроўваць туды машыну з вышкай і, магчыма, адключаць электрычнасьць, а гэта значыць, што без сьвятла застанецца ўвесь горад. Нам таксама паведамілі, што адключэньне высокавольтнай лініі электраперадач прыраўноўваецца да надзвычайнага здарэньня і дазвол на гэта трэба атрымліваць у Берасьці.
Сьцяг у такім месцы вывеселі ў Пінску ўпершыню. У 13 гадзінаў сьцяг яшчэ вісеў. А ў мінулую сыботу ў гонар Дня Незалежнасьці сябры пінскай арганізацыі Касэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ ладзілі пікет.

Аляксей Дзікавіцкі, Пінск, "Радыё Свабода"

28 Ліпеня 2000
Правалы ў эканоміцы і ўзлёты ідэолагаў

 Апошнія прызначэнні ў апараце Брэсцкага аблвыканкама колькасна ўмацавалі «гаворачы» сектар. Цяпер тут, як і ў іншых вярхушках вертыкальнай улады ў рэгіёнах, ёсць упраўленне грамадска-палітычнай інфармацыі, а над ім — новы намеснік старшыні Леанід Цупрык і асабісты прэс-сакратар старшыні аблвыканкама Аляксандр Жук. Першы з іх перабіраецца ў Брэст з Баранавіч, дзе таксама сядзеў у крэсле намесніка старшыні гарвыканкама і адказваў за ідэалогію. 37-гадовы А.Жук развітаўся нарэшце з юнацтвам у Беларускім саюзе моладзі, дзе ён быў нязменным першым сакратаром Брэсцкага абкама.
Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Васіль Далгалёў нідзе і ніяк не патлумачыў павелічэнне свайго штату. Але даводзіцца меркаваць, што яму зараз вельмі патрэбныя рупары ўлады. Напярэдадні выбарчай кампаніі трэба неяк апраўдвацца перад насельніцтвам, чаму, напрыклад, за першае паўгоддзе ў вобласці 442 стратныя прадпрыемствы. Бюджэт за гэты час выкананы толькі на 41,1 %. Запазыка мясцовых суб’ектаў гаспадарання перад бюджэтам — 748,4 мільёна рублёў. Пра агульнае павышэнне коштаў тавараў і паслугаў вобласці сведчыць павелічэнне выкінутых у абарот з банкаў яшчэ 13 мільярдаў рублёў.

Надзея СВЯТЛІЧНАЯ, "Наша Свабода"

26 Ліпеня 2000
Берасьцейскае абласное таварыства “Веды” пад ціскам "вертыкалі"

 У Берасьцi ледзь не была сарваная сустрэча прадстаўнiкоў палiтычных партыяў i грамадзкiх аб’яднаньняў рэгiёну з кiраўнiком Кансультацыйна-назiральнае групы АБСЭ ў Беларусi Гансам-Георгам Вiкам. Пасьля ўмяшаньня мясцовых уладаў абласное таварыства “Веды” адмовiлася ладзiць гэты сход на сваёй тэрыторыi, i арганiзатарам прыйшлося шукаць iншае памяшканьне…
Працяг на Радыё Свабода.

25 Ліпеня 2000
Зубы — толькі за грошы

 З 11 ліпеня ў пінскай гарадзкой стаматалягічнай паліклініцы ўведзеныя платныя паслугі. Бясплатна зубы лечаць толькі льготнікам ды ў дзіцячай стаматалёгіі. Але й пэнсіянэры могуць пры жаданьні ставіць сабе больш якасныя плёмбы за грошы.
Паколькі прыватных дантыстаў у Пінску надта мала, іншага выйсьця, як зрабіць платнае абслугоўваньне, у калектыву стаматалягічнай паліклінікі не было. Са словаў галоўнага лекара У.Бялінскага, ужо зь лютага ім не давалі грошай на матэрыялы да плёмбаў ды на дэзынфэкцыйныя сродкі. А зь ліпеня ўвогуле не было за што купляць мэдыкамэнты. Таму, каб не пакідаць людзей без дапамогі (а праз кабінэты паліклінікі штомесяц праходзіць каля васьмі тысячаў пінчукоў), вырашылі не зачыняць паліклінікі, а зрабіць паслугі платнымі. Цяпер лячэньне карыеснага зуба каштуе ад 750 да 4500 руб., у залежнасьці ад якасьці плямбавальнага матэрыялу. Навіна для пінчукоў ня надта каб прыемная, але цяпер няма чэргаў, ды яшчэ гарантыю на шесьць месяцаў даюць. Так што няякасная праца будзе каштаваць грошай лекару, а не пацыенту.

Яўген Салейчук, Пінск, "Наша Ніва"

25 Ліпеня 2000
Улада не разьбірае фронты

 Баранавіцкі гарвыканкам прапанаваў сябрам БНФ «Адраджэньне» замест самастойнага пікету да 10-х угодкаў Дня Незалежнасьці 27 ліпеня пікетаваць разам зь сябрамі КХП БНФ. Тыя атрымалі дазвол на пікет 23 ліпеня ў Маладым Парку з 15-й да 17-й без выкарыстаньня сьцягоў і нацыянальнай сымболікі. Як лічаць у выканкаме, немэтазгодна праводзіць два пікеты з адной назвай. Цікава, што ў пісьмовым адказе з гарвыканкаму прысутнічае толькі прапанова — няма дазволу, але ж няма й забароны.
Новы старшыня гарвыканкаму Дзічкоўскі адмовіўся сустракацца з прадстаўнікамі БНФ «Адраджэньне», каб абмеркаваць узьніклыя з абодвух бакоў праблемы. Усе пытаньні трэба накіроўваць пісьмова — тады будзе афіцыйны адказ.

Руслан Равяка, Баранавічы, "Наша Ніва"

25 Ліпеня 2000
Усё для людзей

 Некалькі гадоў жыхары вёскі Дэколы, што ля Баранавічаў, маглі патрапіць у сваю вёску з поўдня толькі на чоўне. Нарэшце ім пабудавалі мост праз рэчку. А ў дадатак яшчэ й зрабілі пераход праз чыгунку.

Руслан Равяка, Баранавічы, "Наша Ніва"


24 Ліпеня 2000
Суд над забойцам сьвятара

 У Берасьцейскім абласным судзе вынесены прысуд забойцу праваслаўнага сьвятара айца Міхаіла Сыцюка былому дыякану Генадзію.
Судовы працэс над забойцам айца Міхаіла, які працягваўся два тыдні, быў зачыненым. Па неафіцыйных зьвестках мітрапаліт Менскі й Слуцкі Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Філарэт накіраваў у Берасьцейскі абласны суд ліст, у якім выказаў пажаданьне, каб працэс быў зачыненым. Адвакат абвінавачанага таксама выступіў з хадайніцтвам зрабіць разгляд справы закрытым. Гэтае хадайніцтва падтрымалі родныя забітага й прадстаўнікі абласное пракуратуры, якая вяла папярэдняе сьледзтва. Судзьдзя Іван Барысаў задаволіў хадайніцтва. На працэс не былі дапушчаныя, у прыватнасьці, журналісты. Фотакарэспандэнтам было забаронена сфатаграфаваць дыякана -- забойцу айца Міхаіла. Прычыны, па якіх працэс праходзіў за зачыненымі дзьвярыма, непатлумачаныя.
Былы дыякан, 37-гадовы Генадзі Калесьнікаў, пад кіраўніцтвам айца Міхаіла працаваў у Бярэсьці ў Сьвята-Мікалаеўскае царкве. Пазьней ён пакінуў гэты прыход. Забітага айца Міхаіла Сыцюка з мноствам колата-рэзаных ранаў знайшлі 13 кастрычніка 1998 года ў лясным масіве каля Бярэсьця. Пасьля гэтага пайшлі чуткі, што забойства зьдзейсьненае з карысьлівых мэтаў. Айцец Міхаіл быў яшчэ й сакратаром Берасьцейскае эпархіяльнае ўправы, якая мела дачыненьне да камэрцыі. Супрацоўнікі пракуратуры, аднак, не знайшлі доказаў гэтае вэрсіі, а кіраўніцтва Беларускага экзархату вельмі неахвотна йшло на кантакты із сьледзтвам. Сьледзтва па справе было прыпыненае й аднавілася толькі пасьля затрыманьня ў Гомлі дыякана Генадзія. Падчас забойства айца Міхаіла дыякан працаваў у адное з кобрынскіх цэркваў, а потым вярнуўся на сваю радзіму ў Гомлю. Там ён і быў затрыманы ў сьнежні мінулага году. Генадзію Калесьнікаву выставілі абвінавачаньне паводле артыкулу Крымінальнага кодэксу, які прадугледжвае адказнасьць за наўмыснае забойства пры абцяжаных абставінах. Ён прадугледжвае пакараньне ад 15 да 25 гадоў альбо пажыцьцёвае зьняволеньне, ці сьмяротны прысуд. Родныя забітага не патрабавалі вышэйшае меры пакараньня забойцу, але прасілі пакараць “сурова”. Пракурор запатрабаваў дыякану Генадзію 22 гады пазбаўленьня волі, адвакат настойваў поўнасьцю апраўдаць свайго падабароннага. Пасля доўгага разьбіральніцтва Генадзі Калесьнікаў асуджаны на 20 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі жорсткага рэжыму. У судзе абвінавачаны не прызнаў сябе вінаватым і заявіў, што узяў на сябе віну на папярэднім сьледзтве пад прымусам. Пра гэта стала вядома радыё Рацыя са словаў сакратаркі судовага пасяджэньня Раісы Рапінчук.
Р.Р.: Он говорит, что там не был и не убивал. А вину признал на следствии под психологическим давлением оперативных работников. Физическое воздействие он отрицал.
Падсудны былы дыякан Генадзі й ягоны адвакат зьбіраюцца абскардзіць рашэньне Берасьцейскага абласнога суду ў вышэйшае інстанцыі.

Аляксандар Дашчынскі, "Радыё Рацыя"

Старонка: [1] 2 3 ... Апошняя »


Сopyright © 1999 - 2008 BrestOnline. Усе правы абаронены.
Некаторыя матэр'ялы пададзены толькі па-ангельску.Зваротная сувязь
угору

ByBanner Vitebsk.net CDBrest.com -Internet Store Radio Racyja Brest Forums from CDBrest.com Trade Union movement in Belarus Dinamo Brest Internet Store Brest BOLSHOI - Best Cinema in Brest Rambler's Top100 City of Borisov - unofficial website Productov.net - internet version of Gastranom Дранiкi Belarusian Rating Top 100  09.OPEN.BY