Памежны гераічны Брэст— старадаўняе Берасьце — ведаюць, бадай што, у самых далёкіх кутках сьвету. Але ня ўсе пасьпелі ўведаць яшчэ адно гістарычнае месца непадалёку—лічы, побач, за 40 кіламетраў — старажытны гарадок Камянец. Сам невялікі, шмат драўляных, па-вясковаму забудаваных вулачак. Затое зь вялікаю мураванаю вежаю. На высокім пясчаным пагорку. На левым беразе ракі Лясной.
Славай сваёю Камянецкая вежа (позьняя назва Белая вежа) сягнула куды шырэй, чымся гарадок, над якім яна велічна ўзьнеслася пад аблокі. Пабудаваная больш як 700 гадоў таму (дзесьці паміж 1276 і 1288 гг ), вежа мела адмысловае прызначэньне: зь яе пільна высочвалася набліжэньне да горада варожых войскаў — літоўскіх і тэўтонскіх рыцараў.
Камянецкая (Белая) вежа
Калісьці вежа-стоўп узвышалася ў атачэньні дрымучага лесу, які за доўгія стагоддзі адступіўся ад яе сьценаў на шмат кіламетраў. І толькі з вышыні ацалелага помніка можна разгледзець цёмны абшар лесу — з тых лясоў, якія шумелі ў ваколіцах Камянца многа стагоддзяў таму. Сеньня гэты разлог, як і слынны непрыступны мур, прымушаюць мацней біцца сэрца кожнага патрыёта. Бо і ен, гэты лес (афіцыйна —Дзяржаўны нацыянальны парк "Белавежская пушча"), і гэтая вежа — сапраўдны гонар беларускага народа, неацэнны скарб і каштоўнасьць.
Слова "пушча" — адно з самых выразных і сьпеўных у беларускай мове. За ягонымі гукамі легка ўяўляеш лес натуральнага паходжаньня, які захаваў першабытны выгляд. Што да словаў "белавежская пушча", дык яны пачалі зьяўляцца ў польскіх і літоўскіх граматах-пісьмёнах зь сярэдзіны 1409 года і, як бачым, дайшлі да нашых дзён.
Пра Пушчу пісалі шмат. Толькі ў адным анатаваным бібліяграфічным паказальніку, што выйшаў y Мінску 10 гадоў таму, падаюцца зьвесткі пра 1859 літаратурна-інфармацыйных крыніц. А сюды не ўвайшла літаратура на польскай ды іншых замежных мовах, сьпіс якой шмат перавышае ўзгаданы паказальнік. Прыкладам, Чэслаў Аколуў, вядомы польскі вучоны ды бібліеграф, толькі ў адным даведніку(1981-1985гг ) падае сьпіс літаратуры пра Пушчу ажно ў1987-мі найменьнях.
Чым так вабіла да сябе гэтае слыннае месца біелагаў, краязнаўцаў, увогуле аматараў прыроды?
Наблізімся да геаграфічнае карты. Сёньняшняя Белавежская пушча — гэта рэшткі старажытнага ляснога абшару, які разьлягаўся ў XII ст. ад Балтыйскага мора да Буга і ад Одэра да Дняпра. Зьвесткі пра Пушчу як пра стары, некрануты лес маюцца ўжо ў Іпацьеўскім летапісу (983 г ). Археалагічныя раскопкі паказалі, што у дагістарычны час на тэрыторыі Пушчы жылі мускусны бык, пячорны мядзьведзь, паўночны алень, мамант. Што датычыць чалавека, дык вучоныя пакуль не гатовыя даць адказ, калі ўпершыню ён зьявіўся у Пушчы. Адно у Кіеўскіх летапісах маюцца згадкі пра існаваньне тут ваяўнічага племені — яцьвягаў, якія палявалі і лавілі рыбу. Іхнае паходжаньне таксама невядомае. Адны гісторыкі маюць іх за літоўцаў, другія — за славянаў, a трэція ўвогуле адносяць да перасяленцаў зь берагоў Чорнага мора.
Выцясьняць жа яцьвягаў з тэрыторыі Пушчы пачаў кіеўскі князь Уладзімер y 983 годзе. A літоўскі князь Трайдзень у 1281 годзе паставіў апошнюю кропку ў барацьбе зь імі...
Нашэсьце татараў, нямецкіх рыцараў Пушча зьведала шматкроць, пазьней жа пачаргова станавілася вотчынай то літоўскіх князеў то польскіх каралеў.
Першая спроба займець з Пушчы даход датуецца сярэдзінай XVI стагоддзя Пры польскім каралі Сігізмундзе Аўгусьце на яе тэрыторыі былі пабудаваныя чатыры заводы па вытворчасьці жалеза. У гэты ж час пачалася здабыча попелу, збор смалы, гонка дзёгцю, выпальваньне вугалю Але асабліва пышна промысловае асваеньне Пушчы пайшло пры апошнім польскім каралі Станіславе Аўгусьце. Гэта ягоная ўладарная рука распарадзілася расчышчаць рэкі Нараў, Нараўку і Лясную, прычым вярхоўі першых дзьвюх былі злучаныя каналам. Пачаўся сплаў лесу ў Данцыг, а старыя шкляныя, смалакурныя, шкіпінарныя, ганчарныя і попельныя заводы — адноўленыя.
У 1795 годзе, пасьля падзеньня польскага ўраду, Белавежская пушча была далучана да Расеі. Кацярына II раздала значную яе частку сваім набліжаным, што бралі ўдзел y пакарэньні гэтага ляснога краю. Так, 20 тыс. дзесяцін цэнтральнае часткі Пушчы аддадзена графу Румянцаву, a 10 тысяч — графам Ферзену і Сіверсу. Зямлю наўкола польскіх паселішчаў Белавежа, Нараўка і Скупава ўзяў у арэнду на 50 гадоў фельдмаршал Кутузаў, а Масева і Нямержа — нехта палкоўнік Дранякін.
У траўні 1811 года ў Пушчы ўзьнік моцны лясны пажар, які не ўдавалася патушыць ажно да сярэдзіны кастрычніка. Полымя ўтаймавалі толькі восеньскія дажджы. Выгаралі пашы, малады зялёны падрост.
Але не адно агонь быў прычынаю скарачэньня колькасьці пушчанскай жывёлы. У 1812 годзе лясны край стаўся адным з тэатраў ваенных дзеяньняў імператара Напалеона. Сьледам за французамі ў Пушчу заступіў аўстрыйскі корпус Шварцэнберга і, вядома ж, таксама не дадаў ей цішыні. Больш за тое. Уся гэтая хіжая плойма патрабавапа шмат харчу, ільвіную долю якога і склалі дзікія капытныя, здабытыя ў пушчанскіх нетрах.
Пры канцы трыццатых гадоў у Пушчу зачасьцілі майстры-карабельшчыкі зь Пецярбургу, бо "знайшлі" тут вялікія запасы таўстамерных дрэваў. На высечку іх залучылі ажна 3 тысячы чалавек, якія за кароткі час прыкметна працерабілі векавыя насаджэньні сасны й дубу. Неўзабаве (1842-1847) было зроблена першае лесаўпарадкаваньне, якое вызначыла запасы драўніны, што ацалела. Увесь абшар быў разьбіты прасекамі на 666 кварталаў памерам дзьве на адну вярсту. Таксама былі створаныя 5 лясьніцтваў, 10 аб'ездаў і 77 абходаў. Тым часам канец 40-х гадоў XIX ст. характарызуецца масавай высечкай белавежскага лесу. Прыкпадам, для гандлевага дому "Томпсан і Бонар" за З гады (1845-1848) высечана 13 тысяч соснаў. Пра варварскія метады "гаспадараньня" з абурэньнем пісалі А.Герцэн і M Агароў у газеце "Колокол".
У 1861-1862 гг. ў Пушчы праводзіцца другое лесаўпарадкаваньне. Адначасова прымаецца рашэньне аб вяртаньні ў пушчанскія шаты высакароднага аленя. Першыя 18 аленяў прывеэены эь Нямеччыны (1864), астатнія 200 жывелін — крыху пазьней — зь Сілезіі і Багеміі.
Аднак страты адступаліся, каб неўзабаве напомніць пра сябе зноў і зноў. На пачатку 1880 года над Пушчаю пранёсься моцны ураган, які наламаў многа векавых дрэваў. Успыхнула масавае размножаньне мошак-шкоднікаў, што сваей чаргой пацягнула высыханьне значнае часткі насаджэньняў. Спатрэбілася тэрміновае пераўпарадкаваньне ляснога фонду, якое было зроблена у 1884-1885 гг.
У 1888 годзе цар Мікалай II зацьвердзіў праект, згодна зь якім Белавежская пушча і Сьвіслацкая дача графа Тышкевіча перадаваліся ва ўласнасьць царскай сям'і ў абмен на царскія землі ў Арлоўскай і Сімбірскай губернях. Такая акалічнасьць стала падставаю для новага лесаўпарадкаваньня, якое было зроблена ў 1903 годзе, — гэты раз на тыпалагічнай аснове. Колькасьць кварталаў была падвоена за кошт зьмяншэньня іх памераў да аднае квадратнай вярсты; устаноўленая нумарацыя кварталаў захоўваецца і сёньня, што дае магчымасьць лепш назіраць насаджэньні.
Жнівень 1915-га. Першая сусьветная вайна дакацілася і да Пушчы. Нямецкія акупанты праклалі ў яе нетрах каля 300 кіламетраў вузкакалейных чыгунак, пабудавалі чатыры тартакі і за два гады вывезьлі у Нямеччыну 4,5 млн. кубоў найлепшай драўніны.<
Эксплуатацыя лясных багацьцяў ня скончылася і тады, калі адгрымела вайна і Пушча перайшла ва ўладарства Польшчы. Толькі цяпер яе пілавалі ня немцы, a канцэсіянеры зь фірмы Цэнтура. Штогод ў Англію вывозілася больш за мільён кубаметраў лесу. Цяжкі, вынішчальны сьлед гэтай дзейнасьці Пушча нясе на сабе аж дагэтуль.
1939. Год памятнага ўзьяднаньня: Заходняя Беларусь, а зь ею і ўся Белавежская пушча — ў межах Саветаў. Пушча абвяшчаецца дзяржаўным запаведнікам. Але нітачка цішыні абрываецца зноў. Усталёўваецца акупацыйны рэжым. Другая сусьветная вайна не пакінула гэты раз бібліятэкі і навуковага архіву запаведніка — яны цалкам зьнішчаныя, былы царскі паляўнічы палац, дзе разьмяшчаліся службовыя памяшканьні, спалены. Пасля ачышчэньня Пушчы ад нямецкіх войскаў запаведнік ўзнавіў дзейнасьць, але ў ранейшым выглядзе праіснаваў да восені 1944-га. Міжурадавая польска-савецкая сустрэча завяршылася падпісаньнем пагадненьня аб перадачы часткі Пушчы (58 тыс. гектараў) суседняй дзяржаве.
Навуковы калектыу запаведніка быў аднадушны: ўнікальны куток прыроды трэба як мага захаваць і дасьледаваць. Праз год пасьля спыненьня ваенных дзеяньняў Пушча разгортвае фронт навуковай дзейнасьці. Для сумесных дасьледаваньняў запрошаны такія выбітныя вучоныя як акадэмік К.Скрабін, прафесары С.Севярцаў, С.Тураў, А. Баньнікаў. Празь іхныя намаганьні быў складзены сьпіс млекакормячых і іншых пазваночных Пушчы, а таксама паразітуючых на іх гельмінтаў. Як вельмі важкую можна ацаніць дапамогу ў вывучэньні лясных насаджэньняў вядомага беларускага лесавода, акадэміка І.Юркевіча.
Аднак папітыка ў дачыненьні да лясоў, асабліва ўнікальных, не заўсёды грунтавапася на падыходах, якія б катэгарычна і цалкам выключалі практыку зьбядненьня і спустошаньня біялагічнай разнастайнасьці. У жніўні 1957-га намеціўся новы (мабыць, нелепшы) этап дзейнасьці запаведніка "Белавежская пушча" —досыць выразны ўжо з самога найменьня новаўтворанай структуры: запаведна-паляўнічая гаспадарка. Гэтым актам быў красамоўна пазначаны валюнтарысцкі курс тагачаснага ўраду СССР: стары, запаведны лес уяўляўся ўладу маючым не так прыродаахоўнай ды навуковай каштоўнасьцю, як месцам для адпачынку і паляваньня высокіх чыноўнікаў.
Хоць варта сказаць і пра тое, што за гэты перыяд прыкмеіна палепшыўся быт супрацоўнікаў Пушчы. Вельмі хутка былі пабудаваныя адміністрацыйны будынак, школа, гасьцініца, музей прыроды, дом культуры, а таксама шмат жылых і вытворчых памяшканьняў. Паралельна з будаўніцтвам сацыяльных аб'ектаў у пасёлку Камянюкі была ўзьведзена і ўрадавая рэзідэнцыя ў Віскулях.
Будынак музея прыроды на сядзібе
нацыянальнага парку ў Камянюках.
Сьвет даведаўся пра ўрочышча Віскулі ў сьнежні 1991 года. Вестка аб спыненьні дзейнасьці Савецкага Саюза пайшла менавіта адсюль — зь віскулеўскай прапіскай. Белавежская пушча тым самым як бы пацьвердзіла сваю гістарычную ролю, зрабіўшыся прыкметнаю кропкай на палітычнай карце.
Крыху раней, y верасьні, спыніла больш як 30-гадовае існаваньне і запаведна-паляўнічая гаспадарка. Свой час пачаў адлічваць нацыянальны парк "Белавежская пушча". А саюзная рэзідэнцыя ў Віскулях займела статус урадавай рэзідэнцьіі Рэспублікі Беларусь. Што да векавой Пушчы, дык яна захавала самае галоўнае — сваю навуковую і эстэтычную каштоўнасьць. Больш за тое: рашэньнем ЮНЕСКО ад 14 сьнежня 1992 года яна ўключана ў cьпic Сусьветнае спадчыны чалавецтва, стаўшы семдзесят трэцім прыродным аб'ектам падобнага чыну. Гэткай пашаны ня меў на той час аніводны запаведнік на абшары СССР. Пазьней, праз год, ЮНЕСКО надала Нацыянальнаму парку "Белавежская пушча" статут Біясфернага запаведніка — і парк-запаведнік трапляе ў адзіную сусьветную сістэму сачэньня за зьменамі ў навакольным асяроддзі. Пра значнасць беражлівых адносін да беларускага лесу і Белавежскай пушчы ў прыватнасьці сьведчыць той факт, што Сусьветны банк рэканструкцыі і разьвіцьця (Вашынгтон) адпусьціў на захаваньне біялагічнай разнастайнасьці жывёльнага і расьліннага сьвету Пушчы 1 мільён даляраў ЗША. Эксперты банка, якія наведаліся ў запаведнік, адзначылі надзвычай вялікую каштоўнасьць пародаў дрэў, большасьць якіх даўно перасягнула 100-гадовы рубеж.
Усе зьмены экасістэмаў y запаведніку-парку — як натуральныя, так і антрапагенныя — рэгіструюцца ў "Летапісу прыроды". Ход "самавылечваньня" ландшафтаў у часе можна параўнаць з поўнай падрабязнасьцяў "гісторыяй хваробы". Бяз гэтых ведаў чалавецтва рызыкуе страціць не адно ўнікальны пушчанскі лес, але перспектыву свайго існаваньня на планеце.
Белавежская пушча дадае трываласьці ўсім нам. Яна нясе сьвету адчуваньне вечнасьці, дабрыні і міру.