click here to VIEW OVER 350 PHOTOS ABOUT BREST
english version english version
 Прывітанне, Госць Iмя: Пароль:   Зарэгістравацца Забыліся пароль?
Навігатар сайту
Пачатак
Навіны з Брэста архіў
Даведнік абноўлена
Пра Брэст новае
Фотагалерэя 592
Мапы новае
Сэрвисы
Дыскусыйны форум
Вэб-камера он-лайн

Легенда пра ўзьнікненьне Брэсту

3 даўніх часоў бяроста іграла важную ролю ў матэрыяльнай вытворчасці старажытных славян (берасцянка, берасцяны посуд, берасцяныя граматы і г. д.). Пазней, па магчымасці выкарыстання дравеснай кары, атрымалі свае назвы і расліны.

Вось недзе там, даўным-даўно, многа стагоддзяў таму назад, і адбыліся падзеі з апрацаванага намі падання. 3 стагоддзя ў стагоддзе, ад падзеі да падзеі, мінаючы пажары і бітвы, сечы і паморкі, войньі і стыхійныя беды, прабіла яно сабе дарогу, дайшло да нашчадкаў, можа, ў пятнаццатым ці дваццатым калене і, тым не меней, не страціла свайго першароднага значэння.

Кажуць людзі, што ў тыя часы нейкі надта багаты купец вырашыў ехаць недзе з нямецкай ці, можа, яшчэ з далейшых земляў ажно ў Балтыю, каб там прадаць свае шматлікія тавары, аднекуль  з заморскіх краін завезеныя яму на склады. Сабраўся ён на торжышча са сваімі сябрамі. Уладкавалі абоз, нанялі вялікую, добраўзброенную варту, бо ўсялякія выпадкі здараліся на тагачасных дарогах. Грошы, неабходныя на тавары ў Балтыі, запакавалі ў розныя цюкі, каб, калі што, не ўсё знайшлі рабаўнікі. Пасядзелі разам з сем'ямі, прыгадалі мінулыя паездкі, нечаканыя і не вельмі жаданыя сустрэчы, выпілі зялёнага віна за поспех задуманай справы і палеглі раней спаць, бо назаўтра ўжо з першымі промнямі сонца абоз павінен быў крануцца з месца.

На золку развіталіся купцы з жонкамі і дзецьмі, з роднымі і знаёмымі, узялі з сабою абразы, якія звычайна адводзілі ад іх небяспеку, ды рушылі ў няблізкі свет. Яшчэ колькі вёрстаў ішлі побач з цяжка-нагружанымі вазамі родзічы, але потым адсталі, толькі чуваць быў енк-плач жанчьн, якія праводзілі мужоў сваіх нібыта не гандляваць, а ваяваць. Розніца тады ў гэтым была не надта вялікая.

Хутка прапалі за дрэвамі абрысы родных гарадскіх сцен, шпілі хрысціянскіх храмаў, і сярод купцоў запанавала добра знаёмае ім за многія гады вандраванняў пачуццё дарогі. Адчайиа вішчалі-скрыпелі калёсы (людзі тады яшчэ не навучыліся іх змазваць), раз-пораз чуліся зычныя галасы возчыкаў. Часам пралятаў уздоўж расцягнутага ланцуга павозак вершнік, нешта кідаў, спяшаючыся, ахове, і тая адразу пачынала бразгаць, разбіраць шчыты ды даставаць з похваў доўгія, цяжкія мячы. Потым зноў усё заціхала і чуліся толькі адчайна-адвечныя стогны колаў: «Не га-а-ні-і-це! Не га-а-ні-і-це!» І так з раніцы да вечара, з першага промня сонца да ранняй зоркі ў небе, і так вярста  за вярстою, дзесятак за дзесяткам.

Ехалі ўжо не адзін дзень па ледзьве пралазных, амаль што першастваральных пушчах. Здзіўлена і спалохана азіраліся нават бывалыя людзі, бо ў гэткіх мясцінах і ім пакуль што быць не даводзілася. Сонца і тое не магло прабіць сваім святлом густую лясную засень, якая спляталася ў маналітную сцяну. Здарожыліся гандляры, коні ледзьве ногі перастаўлялі, бо ім тут не хапала ежы. Але падарожныя ўсё ж спадзяваліся ў хуткім часе (не сёння-заўтра) выбіцца на больш-менш добры, уезджаны шлях, знайсці мясціны, дзе б можна было даць адпачынак людзям і коням (І не на дзень-другі, а на болей), каб знясіленые жывёліны набраліся сіл, пасучыся на добрай траўцы.

Ды не тут-то было! Справы купцоў не паляпшаліся, а, наадварот, пагаршаліся. Аднаго дня, калі, здавалася, пачалі выбівацца на добры шлях, убіліся ў дзікае, непралазнае балота. То тут, то там у абозе гучалі жаласлівыя крыкі аб неадкладнай дапамозе. Не ўсім паспявалі памагчы. Колькі коней, разам з нагружанымі таварамі вазамі, утапіліся ў бяздонных «чортавых  вокнах, што зеўралі сваімі ненажэрнымі пашчамі ў нечаканых месцах. Бясследна зніклі ў балотных калодзежах і некалькі чалавек з аховы, а таксама возчыкаў, які кінуўся было на дапамогу суседу. Бурбалкі пайшлі ды чорная, густая твань сышлася над галавою, дзе знайшоў апошні прытулак малады, здаровы хлапец. Загрузлі вазы. Спыніліся пасярод гэтага Богам, відаць, заклятага месца. 

Непрыкметна і ноч прыспела з яе нейкімі адрывістымі, страшнымі гукамі, ад якіх на душы рабілася жудасна. Змрочны, вадзяністы туман зацягнуў-прыкрыў купіны і кустоўе, дрэвы і фурманкі. Зрэдку фыркалі коні, але і тыя, нібыта адчуваючы складанасць абставін, адразу ж заціхалі. Сядзелі і дрыжэлі прамоклыя да ніткі купцы, ваяры, возчыкі. Сядзелі на тых самых месцах, дзе іх прыспеў змрок, бо баяліся ступіць крок-другі, каб не паўтарыць памылкі сваіх згінуўшых сяброў. Нават вогнішча ніхто не разводзіў — баяліся. Вельмі ж месца само па сабе страшнае, ды невядома, чым заўтра ўсё скончыцца. Да таго ж у балоце іх заядалі камары і сляпні. І калі людзі хоць неяк маглі абараніцца, то жывёлы былі бяссільныя, і мірыяды крыважэрных насякомых заядалі бедных коней.

Маўчалі людзі. Напэўна, у гэтую ноч не спаў ніхто. А навокал толькі жабы свае бесперапынныя песні спявалі  ды раз-пораз рагатаў-заліваўся нехта невядомы так, што ажно ногі са страху дрыжэлі. Ледзьве да раніцы вытрымалі. Калі сонца ўзышло, то, гучна каючыся і раячыся паміж сабою, паспрабавалі ўчарашні шлях, каб хоць неяк назад выбіцца,  а потым іншымі шляхамі аб'ехаць небяспечны балоцісты край. Але нічога не маглі зразумець і азіраліся навокал, ашаломленыя. Ні слядоў колаў, ні ранейшай дарогі відаць не было. Усё за кароткую летнюю ноч зацягнула, зараўняла твань, якая, здавалася, ажно дыхала пад нагамі — гэтак усё калацілася і дрыжэла. 

Цэлы дзень прамучыліся людзі і зноўку, абяссіленыя, пападалі ля вазоў. Усе прыгнечана маўчалі, большасць — малілася. Шапталі словы, звяртаючыся да Бога, не толькі стоячы на каленях, але і прыхіліўшыся да кола ці балотнага куста, лежачы ніц на купіне ці на возе. Ледзьве варушылі вуснамі, шэпчучы малітвы. Возчыкі, воіны і купцы развітваліся з жыццём, бо добра ведалі, што яшчэ суткі-другія — і іх тут напаткае смерць. Спалохаліся падарожныя. Другую ноч адпачывалі толькі сцішыўшыся, але вачэй не закрываючы. І што самае дзіўнае - спаць пе хацелася, хоць ад стомы нельга было паварушыць пальцамі.

Апошнюю надзею людзі звязвалі з гаспадаром, які таксама сядзеў пасярод балота, ля аднаго з вазоў. Асунуўся купец, счарнеў увесь, перажываў надта за ўсё, што здарылася, бо калі і надалей так справа працягнецца, то не толькі ніякага прыбытку не будзе, але і жыццё ўласнае можна страціць. Малады параўнаўча, ён быў чалавек досведны, бо дарог, шляхоў зьездзіў нямала. Згадалася яму жонка любая, маленькі сынок, маці родная, бацька, якога ледзьве памятаў, бо той таксама гандлем займаўся і згінуў недзе ў  далёкіх землях.

Гэтак непрыкметна і задрамаў. У сне яму падалося, што бачыць перад сабою матулю ў бялюткай вопратцы, якая нешта трымае ў руках і гаворыць ціха: "Сынок! Паслухай мяне, дастань тое, што я табе ў дарогу заўсёды давала!"

Прахапіўся купец і кінуўся да воза. Ліхаманкава пачаў пераварочваць цюкі. Вось яна, жаданая знаходка — невялікі абраз Маці Боскай трохручніцы! Укленчыў перад ёю падарожны: "Маці Боская! Дапамажы ты мне, выратуй і маё жыццё і маіх людзей! Пашкадуй ты сірот-дзяцей, якія застануцца пасля нас, над жонкамі зжалься! Як жа яны будуць? Маці Боская! Дапамажы, не адварочвайся! Колькі разоў свяціла ты мне, была маёй надзеяй! Дапамажы і на гэты раз. Дапамажы. Калі мы выратуемся, то на гэтым месцы пабудуем царкву ў твой гонар! Дапамажы, Маці Боская трохручніца!"

Здалося людзям на балоце, што нейкая магутная асоба з жаночым абліччам зьявілася прама над імі ў небе, завісла на непрацяглы час і гэтак жа нечакана знікла. Але малады купец добра запрыкмеціў, у якім накірунку яна адыходзіла — на ўсход сонца. Цяпер ён зразумеў, куды трэба прабівацца. Засталося толькі дачакацца раніцы.

Нарэшце і сонейка зайграла, з-за верхавін дрэваў паказалася. А за гэтым і зычны голас старшага купца, гаспадара абозу, раздаўся:
—  Людзі! Усе, хто мяне чуе, а хто далей — то перадайце! Прабівацца будзем не ўперад, а ўбок. Бачыце вунь той магутпы дуб, на яго і пакіруем. Недзе ж павінен быць канец гэтаму праклятаму балоту! Цяпер яшчэ вось што паслухайце: палова людзей гаць напрасткі да дуба будзе гаціць, а другая — драць бяросту і гаць ёю ў шмат слаёў высцілаць, каб коні не так правальваліся ў твань, ды і палохацца багны не надта ўжо будуць. Усе чулі?
— Чулі! - адгукнулася балота шматлікімі галасамі.
— Тады за працу! За працу — інакш згінем! — выгукнуў купец і першым, ухапіўшы вострую сякеру, пачаў сячы разгалісты лазовы куст і гаціць гаць.

Застукалі-заляскалі сякеры ў іншых мясцінах, пачуліся павесялелыя галасы людзей. Нездарма ж кажуць, што, калі чалавек працуе, ён жыве. І сапраўды так. Паціху-паціху пачалі зьяўляцца сярод балотных купін абрысы шырокай гаці, укрытай бяростай, таму здавалася яна чорна-белай стужкай. Калі возчык першай фурманкі загарлаў, хутчэй за ўсё з адчаю, на коней: "Гэй, родныя, пайшлі! Ад смерці не ўцячэш, але да жыцця наблізімся! Гэй, родныя!" — то коні рэзка рванулі, ажно зарыпела вупраж, і воз паціху пасунуўся па гразі.

Толькі да дуба было яшчэ надта далёка. Таму зноў узяліся за працу, яшчэ больш самааддана, і ўвесь час аглядаліся на выцягнуты роўны шнурочак абозу, як гэта бывала заўсёды падчас язды па дарогах. Доўгія тры дні прабіваліся людзі і нарэшце ўсё ж выбіліся да высачэзнага дуба, які быццам бы весела пагойдваў, вітаючы іх, сваёй лістотай і нешта яшчэ лагодна гуў-шумеў, можа, абураўся тым, што бяздушнае балота магло ўсіх іх згубіць, а можа — услаўляў сілу волі падарожнікаў, якія, дзякуючы гэгаму, выжылі ў бязлітасных супрацьстаяннях з прыродай. Толіжі людзям ужо было не да гэтага. Яны выпраглі і папрывязвалі да бліжэйшых кустоў або дрэваў коней, і тыя, дапаўшы да маладой, сакавітай травы, скублі яе не адрываючыся. Самі ж падарожныя ўжо храплі на ўсю моц. Малады купец таксама спаў, шырока раскінуўшы рукі і нечаму ў сне пасміхваючыся.

Колькі спалі — ніхто дакладна не ведаў, але прачнуліся ўсе бадзёрыя, вясёлыя. Твары свяціліся радаснымі ўсмешкамі, і сонейка, здавалася, не спякотна паліла, а ласкава абагравала людзей ды жывёл. Таропка перавязалі вазы, запраглі коней, перакусілі самі і чакалі загаду старшага купца працягваць далейшы шлях. Ахова, як заўсёды, ачапіла абоз. Але тое, што пачулі, было нечаканым і непрадбачаным:
— Людзі! Усю бяросту, якую мы гэтыя дні на гаць клалі, пазбіраць трэба і сюды, па ўзвышша, да дуба, скласці! Будзем ехаць назад, калі ўсё добра складзецца, то на гэтым месцы пабудуем капліцу, прысвечаную Маці Боскай трохручніцы!

Заціхлі ўсе, задумаліся. І сапраўды, цудам выжылі, нават не падумалі, што нехта ж, відаць, дапамагаў ім з нябеснай вышыні. Не аддзячылі. Такая ўжо натура людская. Кінуліся па балоце збіраць бяросту і зносіць у адну гурбу. У хуткім часе ўсё сабралі і паехалі далей.

Кажуць, калі назад вярталіся, то ўсё так і зрабілі, як гаварыў тады гаспадар абозу. 3'явілася спачатку звычайная невялічкая капліца, потым, з цягам часу, вакол яе сталі сяліцца людзі, вырасла ўмацаванае паселішча, бо месца было надзвычай зручнае з абарончага пункту гледжання. А назва так і засталася Бярэсце. Гэта ўжо потым, калі горад стаў, перайначылі на Брэст. Кажуць людзі, што той дуб магутны, да якога падарожныя выйшлі і дзе потым капліцу ўзвялі, яшчэ ці не ў мінулым стагоддзі стаяў, але ў адну з віхурных восеньскіх начэй упаў, толькі водгулле пранеслася па навакольных абшарах. Так памёр апошні сведка тых далёкіх падзей.


Пазычана з кнігі "Брэсчына" A.M. Ненадаўца



Сopyright © 1999 - 2008 BrestOnline. Усе правы абаронены.
Некаторыя матэр'ялы пададзены толькі па-ангельску.Зваротная сувязь
угору

ByBanner Vitebsk.net CDBrest.com -Internet Store Radio Racyja Brest Forums from CDBrest.com Trade Union movement in Belarus Dinamo Brest Internet Store Brest BOLSHOI - Best Cinema in Brest Rambler's Top100 City of Borisov - unofficial website Productov.net - internet version of Gastranom Дранiкi Belarusian Rating Top 100  09.OPEN.BY