click here to VIEW OVER 350 PHOTOS ABOUT BREST
english version english version
 Прывітанне, Госць Iмя: Пароль:   Зарэгістравацца Забыліся пароль?
Навігатар сайту
Пачатак
Навіны з Брэста архіў
Даведнік абноўлена
Пра Брэст новае
Фотагалерэя 592
Мапы новае
Сэрвисы
Дыскусыйны форум
Вэб-камера он-лайн

Права на вольнасць

Юрый Рубашэўскі

15 жніўня 2000 года споўнілася 610 год з таго часу, калі Брэст першым з беларускіх гарадоў атрымаў права на самакіраванне альбо так званае Магдэбурскае права.

І да сённяшняга дня на Беларусі, ды ў шмат якіх іншых краінах, стаіць пытанне аб развіцці гарадскога самакіравання. Што ж тут казаць пра сярэднявякоўе, калі ўся ўлада над гараджанамі, права вырашэння ўсіх канфліктаў ва ўзаемаадносінах паміж імі належалі феадальнаму гаспадару, на землях якога і ўзнік горад? Бадай, што першымі, хто ўзняўся на барацьбу за свае правы, сталі жыхары буйных нямецкіх гарадоў. Найбольш дасканалым стала права на самакіраванне, якое ў 13 стагоддзі атрымаў Магдэбург. Яно і лягло ў аснову шматлікіх прывілеяў на самакіраванне еўрапейскіх гарадоў, нярэдка называючыся "Магдэбурскім правам". Можна лічыць, што ў Еўропе паселішча толькі тады і станавілася сапраўдным горадам, калі яно мела магчымасць вырашаць праблемы ўнутранага жыцця бяз умяшацельства караля, вялікага князя альбо герцага і гэдак далей.

У Вялікім княстве Літоўскім, адной з буйнейшых краін тагачаснай Еўропы, у склад якой Брэст (Берасце) увайшоў у першай палове 14 стагоддзя, першым горадам, атрымаўшым Магдэбурскае права, стала сталіца гаспадарства -- Вільня (сучасны Вільнюс) -- у 1387 годзе. Другім праз тры гады стаў наш Брэст. Дарэчы, гэты факт не вельмі адназначна ўспрымаўся як савецкімі гісторыкамі (параўнайце: Мінск стаў карыстацца гарадской самастойнасцю толькі ў 1499 годзе), так і  многімі сучаснымі айчыннымі даследвальнікамі, якія "выводзяць" беларускую дзяржаўнасць толькі ад старажытнага Полацка -- апошні Магдэбурскае права атрымаў на год раней сучаснай сталіцы Беларусі. І ўжо на поўным сур'ёзе ў навуковых часопісах можна прачытаць, што датаванне пачатковага этапа развіцця Магдэбурскага права на Беларусі патрабуе істотных агаворак, бо "магчыма, яго трэба аднесці да моманту атрымання прывілеяў на самакіраванне Полацкам, Менскам ды іншымі беларускімі гарадамі". Як бачыце, Брэст застаўся па-за ўвагай, нягледзячы на дакументальныя сведчанні свайго прыярытэту.

Але ў канцы 14-га стагоддзя менавіта наш горад іграў выключную ролю ў барацьбе двух знакамітых постацяў у гісторыі Беларусі, Польшчы, Расіі -- стрыечных братоў Вітаўта і Ягайлы. Абодва ўвашлі ў сусветную гісторыю як стваральнікі адной з буйнейшых  перамог славян у эпоху феадалізму -- разгрому крыжакоў пад Грунвальдам 15 ліпеня 1410 года. За дваццаць год да тае гістарычнай перамогі Ягайла, які стаў польскім каралём Уладзіславам ІІ, і Вітаўт вялі зацятую барацьбу паміж сабой за ўладу над сучаснымі землямі Беларусі, Літвы і Украіны. У пачатку таго, 1390 года, дзесяць дзён аблогі спатрэбілася Ягайлу, каб авалодаць Вітаўтавым Берасцем. Магчыма, каб схіліць гараджан да памяркоўнасці, кароль і выдаў прывілей на наданне нашаму гораду Магдэбурскага права. Кіраванне горадам  перайшло да рады, куды жыхары выбіралі  лаўнікоў, радцаў і двух бурмістраў (адзін я якіх быў абавязкова праваслаўны, а другі -- каталік), якія па чарзе старшынавалі на пасяджаннях. Шмат якія гарадскія справы, у тым ліку крымінальныя, перайшлі пад юрысдыкцыю  рады. Такім чынам, Брэст атрымаў статус еўрапейскага горада.

Зрэшты, і Вітаўт, які хутка стаў паўнаўладным гаспадаром Вялікага княства Літоўскага, у 1408 годзе пацвердзіў Брэсту прывілей на карыстанне Магдэбурскім правам. Да канца 18-га стагоддзя, пры неабходнасці, яно афіцыйна пацверджвалася не менш за сем разоў. Да слова, у Расійскай імперыі нейкую вольнасць у вырашэнні сваіх унутраных праблемаў гараджане атрымалі толькі ў 1775 годзе, калі Кацярына ІІ выдала гарадам даравальную грамату.


"Вячэрні Брэст"
N 67 за 16.08.2000



Сopyright © 1999 - 2008 BrestOnline. Усе правы абаронены.
Некаторыя матэр'ялы пададзены толькі па-ангельску.Зваротная сувязь
угору

ByBanner Vitebsk.net CDBrest.com -Internet Store Radio Racyja Brest Forums from CDBrest.com Trade Union movement in Belarus Dinamo Brest Internet Store Brest BOLSHOI - Best Cinema in Brest Rambler's Top100 City of Borisov - unofficial website Productov.net - internet version of Gastranom Дранiкi Belarusian Rating Top 100  09.OPEN.BY