click here to VIEW OVER 350 PHOTOS ABOUT BREST
english version english version
 Прывітанне, Госць Iмя: Пароль:   Зарэгістравацца Забыліся пароль?
Навігатар сайту
Пачатак
Навіны з Брэста архіў
Даведнік абноўлена
Пра Брэст новае
Фотагалерэя 592
Мапы новае
Сэрвисы
Дыскусыйны форум
Вэб-камера он-лайн

І магільшчык і стваральнік

Да канца 18-га ст. Брэст стаўся адной з ваенных базаў расейскай імпэрыі. Імпэратар Павал І падзяліў расейскае войска на інспэкцыі (акругі), якіх у 1802-1806 годах налічвалася чатырнаццаць, у тым ліку Брэст-Літоўская. Брэст знаходзіўся на важным шляху Эўропа - Расейская Імпэрыя. Такое выгаднае месцазнаходжаньне спрыяла разьвіцьцю гарадской гаспадаркі. Аднак у эпоху сталых войнаў надзвычайна выгаднае разьмяшчэньне пагражала існаваньню самога горада. Ня дзіва, што ў Брэсьце заўсёды існавалі моцныя абарончыя збудаваньні, якія стала ўдасканальваліся згодна патрабаваньням часу. Пасьля інкарпарацыі Брэста ў Расейскую імпэрыю адразу ж пачалі зьяўляцца прапановы па мадэрнізацыі да таго часу ўжо досьць лядашчых гарадскіх умацаваньняў. 

Далёка не ўсе праэкты прадугледжвалі поўнае зьнішчэньне горада і стварэньне на ягоным мейсцы крэпасьці. На прыклад, праэкт, прапанаваны пуцейскім інжэнэрам Шуберскім, быў заснаваны на разгалінаванай гідрасыстэме ў наваколіцах горада. Прадугледжвалася абараняць крэпасьць з дапамогай штучнай паводкі без будаўніцтва адмысловых умацаваньняў. Да 1811 года была распрацавана ды зацьвержана новая планіроўка Брэста. Згодна зь ёй плянавалася прабіўка новых вуліц ды ліквідацыя некаторых старых, забудова наберажных і г.д. Але ж цэнтар горада захоўваўся на сваім мейсцы -- на Цэнтральным востраве. Недатыкальнымі павінны былі застацца старажытныя храмы. Праэкт таксама прадугледжваў ладжаньне ў навакольлі новых плошчаў ды пабудову новых праваслаўных цэркваў. 

Цалкам верагодна, што Брэст захаваў бы сваю гістарычную забудову, калі б не наступ Наполеона. Вайна 1812 года адлажыла выкананьне праэкту Шуберскага, а рашэньне пабудаваць на мейсцы Брэста крэпасьць канчаткова пахавала плян перазабудовы 1811 года.

Новая ідэя прадугледжвала разбурэньне ўсяго гораду. Менавіта такім быў плян, прапанаваны генераламі Малецкім, Опперманам і палкоўнікам Фельдманам. Вядучая роля ў праэктаваньні належала генералу Опперману. Карл Іванавіч (так яго называлі ў Расеі) нарадзіўся ў 1765 годзе ў нямецкім горадзе Дармштаце.  У васемнаццацігадовым узросьце ён вырашых паспрабаваць удачы ў Расеі і, прыняўшы расейскае падданства, пачаў службу ў інжэнерным корпусу ў званьні падпаручніка.  Выдатнае валоданьне нямецкай, францускай, лацінскай, грэчаскай і расейскай мовамі, асабістая храбрасьць, выяўленая ў расейска-швэдскай вайне 1788-1790 гг. і падчас задушэньня паўстаньня пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касьцюшкі, стварылі някепскія перадумовы для ўзьлёту кар'еры Карла Оппермана.

Сваё прызваньне чарговы немец на расейскай службе знайшоў у інжэнернай справе. У 1795 годзе ён стварыў плян умацаваньня заходняй мяжы Расейскай імпэрыі, у якім прадугледжвалася пабудова новых крэпасьцяў. Праўда, гэтая прапанова маладога інжэнера на пятнаццаць гадоў была пакладзена пад сукно. Але Карл Іванавіч не сядзеў склаўшы рукі ўсе гэтыя годы. Пад час кіраваньня Паўла І ён, зьяўляючыся афіцэрам "дэпо карт", склаў апісаньне заходняй мяжы Расейскай імпэрыі, дзе, сярод іншага,  паказаў на неабходнасьць умацаваньня Брэст-Літоўска. Канчатковы вырак пабудаваць крэпасьць на мейсцы Брэста быў вынесены ў 1829 годзе. Прычым адным з аўтарам "праэкту абарончай лініі Брэст-Літоўск, часовай профілі, якую пазьней можна было б пераўтварыць у доўгачасовую" быў таксама і Опперман. Да гэтага часу ён ужо быў генералам і інспэктарам ўсяго інжэнернага корпусу расейскага войска. 

Жыхары ўсяе вялізнае дзяржавы ведалі, што на мейсцы Брэста будзе ўзьведзена новае ўмацаваньне межаў імпэрыі. Пабываўшы ў нашым горадзе ў 1830 годзе вядомы выдаўца філязоўскай літаратуры Н.А. Галавін у сваім падарожным дзёньніку запісаў, что Брэст знаходзіўся "ў мізэрным стане як у сэнсе будынкаў так і самых жыхароў, бо ён нядаўна амаль увесь пагарэў і  ўрад не дазваляе будаваць зноў. Прычына гэтай забароны ў тым, што "государь імператор", як кажуць, мяркуе гэты горад перарабіць у крэпасьць".

Злыя языкі ў той час і шматлікія гісторыкі сёньня сьцвярджаюць, што горад падпальвалі наўмысна, каб вымусіць ягоных жыхароў выехаць на новае мейсца. На працягу ня больш чым трыццаці год Брэст перажыў чатыры страшэнных пажара. У 1802 годзе згарэла 160 хатаў, у 1822 -- 150 крамаў і 70 хатаў, у 1828 і 1836 гадах пажар зьнішчыў больш за 300 хатаў. Дакумэнтаў пра наўмысны падпал пакуль што не знойдзена, але частата інцыдэнтаў ды жахлівыя высьледкі вогненнай стыхіі дапускаюць і гэтую вэрсыю.

Як бы там не было, "ачышчэньне" горада вагнём толькі паскорыла ажыцьцяўленьне плянаў Карла Оппермана. У кастрычніку 1830 года імпэратар Мікалай І зацьвердзіў плян пабудовы крэпасьці на мейсцы старажытнага Брэста зь невялікімі папраўкамі. Імпэратарскі росчырк пяра стаўся яшчэ адным сьведчаньнем трыумфа генерала Оппермана. І адначасова сьмяротным выракам аднаму з найстаражытнейшых гарадоў Беларусі.

Невыпадкова мы ўспамянулі пра трыумф Карла Іванавіча. У 1829 годзе Оппермана выбралі ганаровым сябрам пецярбурскай акадэміі навук. У тым жа годзе Мікалай І надаў яму тытуль графа Расейскай імпэрыі, а ў 1830 годзе ўзнагародзіў вышэйшым дзяржаўным ордэнам -- сьвятога Андрэя Першазваннага. Адной з абарончых вежаў Бабруйскай крэпасьці -- яе таксама будаваў Опперман -- было нададзена імя "сьвежавыпечанага" графа. 

Аднак ажыцьцяўленьне пляна зьнішчэньня горада ды пабудовы на ягоным мейсцы крэпасьці Карл Іванавіч не ўбачыў. Масавыя земляныя работы на будайніцтве Брэст-Літоўскай крэпасьці пачаліся 6 чэрвеня 1833 года. А аўтар праэкту гэтай крэпасьці памёр у 1831 годзе. Яго можна назваць вінаватым у зьнішчэньні нашага старажытнага горада. У той жа час Карл Іванавіч стаўся стваральнікам цяперашняга сымбалю нашага рэгіёну -- Брэсцкай крэпасьці.



Сopyright © 1999 - 2008 BrestOnline. Усе правы абаронены.
Некаторыя матэр'ялы пададзены толькі па-ангельску.Зваротная сувязь
угору

ByBanner Vitebsk.net CDBrest.com -Internet Store Radio Racyja Brest Forums from CDBrest.com Trade Union movement in Belarus Dinamo Brest Internet Store Brest BOLSHOI - Best Cinema in Brest Rambler's Top100 City of Borisov - unofficial website Productov.net - internet version of Gastranom Дранiкi Belarusian Rating Top 100  09.OPEN.BY