click here to VIEW OVER 350 PHOTOS ABOUT BREST
english version english version
 Прывітанне, Госць Iмя: Пароль:   Зарэгістравацца Забыліся пароль?
Навігатар сайту
Пачатак
Навіны з Брэста архіў
Даведнік абноўлена
Пра Брэст новае
Фотагалерэя 592
Мапы новае
Сэрвисы
Дыскусыйны форум
Вэб-камера он-лайн

Заснавальнік берасьцейскай друкарні

На берасьцейскім сойме 1544 года быў усхвалены дзяржаўны акт, згодна зь якім Сігізмунд I перадаваў усю моц улады ў Вялікім Княстве Літоўскім (ВКЛ) свайму сыну Сігізмунду Аўгусту. Адным з ініцыятараў прыняцьця гэтага рашэньня быў Мікалай Радзівілл Чорны.

Нарадзіўся ён 4 лютага 1515 года. Род Радзівілаў да таго часу быў ужо даволі ўплывовым у дзяржаве. Але дзякуючы Мікалаю Радзівіллы увайшлі ў эўрапейскую політычную эліту, сталі самым заможным магнацкім родам ВКЛ.

А ўзыход зоркі Мікалая Радзівілла пачаўся з таго самага сойму 1544 года. На ім ён атрымаў сваю першую, даволі ўплывовую дзяржаўную пасаду -- земскага маршалка. А пад канец свайго жыцьця Радзівілл Чорны сканцантраваў у сваіх руках велізарную ўладу: ён быў канцлерам вялікалітоўскім, ваяводаю віленскім, старастаю ковенскім, барысаўскім, шавельскім... Прыродны розум, багацьце, сяброўскія, а з 1547 года й сваяцкія адносіны з Сігізмундам Аўгастам (дваюрадная сястра Мікалая, Барбара, стала жонкаю караля) зрабілі Радзівілла Чорнага першым магнатам княства. Менавіта ён кіраваў ВКЛ падчас, калі Сігізмунд Аўгуст адсутнічаў.

Шматлікія старонкі жыцьця гэтага выбітнага дзеяча ВКЛ зьвязаны з Берасьцем. Яшчэ ў 1549 годзе ён стаў берасьцейскім старастаю. Мікалай Радзівілл быў адным з ініцыятараў ды кіраўнікоў правядзеньне аграрнай рэформы ў дзяржаве, так званай "валочнай памеры". За пасьпяховае ажыцьцяўленьне рэформы ў берасьцейскім старастве Сігізмунд Аўгуст аддаў Радзівіллу гэтае стараства ў пажыцьцёвае ўладаньне.

Вядомы Мікалай Чорны быў  як і ўдалы дыплямат. За пасьпяховае ажыцяўленьне дыпляматычнай місіі да імпэратара Сьвяшчэннай Рымскай Імпэрыі Карла V апошні ўзнагародзіў Радзівілла княскім тытулям. У ВКЛ, аднак, насіць шляхецкі тытуль можна было толькі з дазволу сойму. Менавіта на Берасьцейскім сойме гэты тытуль быў зацьверджаны, і з таго часу Радзівілл стаўся "князем на Олыку і Несьвіжу".

Брэсцкія музэйшчыкі сваім папярэднікам могуць з поўным правам лічыць Мікалая Чорнага. Ён першым з магнатаў падхапіў прыклад калекцыянерскай дзейнасьці караля Польшчы і вялікага князя літоўскага Сігізмунда Аўгуста. Вядомыя Радзівіллаўскія калекцыі бяруць пачатак у Берасьці.  У 1547 годзе Мікалай Чорны з гонарам дэманстраваў манарху ў сваёй берасьцейскай рэзідэнцыі першыя экспанаты -- прывезеныя з Галяндыі габелены "Хрышчэньне Хрыста ў Іардане" і "Лютэр сярод электраў".

З імем Радзівілла Чорнага зьвязана і распаўсюджваньне ідэй Рэфармацыі ў ВКЛ. Ён першым з магнатаў прыняў пратэстантцкае веравызнаньне, схіляючыся спачатку да лютэранства, а з сярэдзіны 50-х гадоў 16-га стагоддзя -- да кальвінізму. У сваіх вялізных уладаньнях Радзівілл актыўна закладваў пратэстантскія храмы-зборы. Першы ж на тэрыторыі Беларусі рэмармацыйны збор быў заснаваны ў 1553 годзе ў Берасьці. Мікалай Чорны запрасіў кіраваць абшчынаю горада вядомага навукоўца Сымона Зацыума. З гэтага часу ў Берасьці пачалі пераадычна праводзіцца сіноды пратэстантаў. Вядома, што ў 1558 годзе кальвінісцкі сінод у Берасьці з блаславеньня Мікалая Радзівілла Чорнага прызначыў вядомага беларускага гуманіста Сымона Буднага прапаведнікам у Клецк.

Але ж самым важным дзеяньнем Радзівілла Чорнага ў гісторыі Берасьця стала заснаваньне  ім у 1553 годзе друкарні -- першай на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Дарэчы, на абсягах былога Савецкага Зьвязу Брэст стаўся трэццім -- пасьля Крулеўца (Калінінград) ды Вільні -- горадам, дзе пачалі друкаваць кнігі. Дзеля арганізацыі друкарні ў Берасьці Радзівілл запрасіў вядомага матэматыка, перакладчыка і друкара Бернарда Воевудку. Пасьля сьмерці Воевудкі  ў 1554 годзе Берасьцейская друкарня перарвала сваю дзейнасьць. Мікалай Чорны прадпрымаў спробы аднавіць яе працу. У 1556 годзе ён зьвярнуўся да прускага гэрцага Альберта даць дазвол вядомаму друкару Яну Малецкаму на тры гады пераехаць у Берасьце. Але ж друкарскі станок зноў запрацаваў у нашым горадзе толькі ў 1558 годзе пад кіраўніцтвам Станіслава Мурмеліуса.

У Берасьцейскай друкарні выдаваліся кнігі ня толькі рэлігійнага, але й сьвецкага кшталту. Але ж самым вядомым тварэньнем берасьцейскіх друкароў стаў выпуск у 1563 годзе поўнага збору Бібліі, найвялікшага ў аб'ёме і аднаго зь лепшых па мастацкаму і поліграфічнаму выкананьню рэнэсансных выданьняў. Гэты шэдэўр друкарскага мастацтва быў створаны на сродкі Мікалая Чорнага і атрымаў агулінапрынятае найменьне "Радзівіллаўскай Бібліі".

Радзівілл Чорны ўзначальваў дэлегацыю ВКЛ у 1563-1564 гадах на перамовах, дзе абмяркоўваліся умовы уніі з Польскім каралеўствам. Мікалай Чорны пры гэтым адстойваў захаваньне за княствам шырокага суверэнітэту. Пазіцыя Мікалая Радзівілла зрабіла вялікі ўплыў на далейшыя палітычныя ўзаемаадносіны ВКЛ і Польшчы ў рамках федэратыўнай дзяржавы -- Рэчы Паспалітай.

Мікалая Радзівілла Чорнага можна з поўным правам назваць адным з самых выбітных дзеячоў эпохі Адраджэньня ў ВКЛ. Шкада, што лёс адпусьціў яму няшмат год жыцьця -- памёр Радзівілл Чорны 29 траўня 1565 года.



Сopyright © 1999 - 2008 BrestOnline. Усе правы абаронены.
Некаторыя матэр'ялы пададзены толькі па-ангельску.Зваротная сувязь
угору

ByBanner Vitebsk.net CDBrest.com -Internet Store Radio Racyja Brest Forums from CDBrest.com Trade Union movement in Belarus Dinamo Brest Internet Store Brest BOLSHOI - Best Cinema in Brest Rambler's Top100 City of Borisov - unofficial website Productov.net - internet version of Gastranom Дранiкi Belarusian Rating Top 100  09.OPEN.BY