click here to VIEW OVER 350 PHOTOS ABOUT BREST
english version english version
 Прывітанне, Госць Iмя: Пароль:   Зарэгістравацца Забыліся пароль?
Навігатар сайту
Пачатак
Навіны з Брэста архіў
Даведнік абноўлена
Пра Брэст новае
Фотагалерэя 592
Мапы новае
Сэрвисы
Дыскусыйны форум
Вэб-камера он-лайн

Кароль на адну ноч

У гісторыі розных краін ёсьць цікавыя, неверагодныя падзеі. Рэч Паспалітая, што ўяўляла сабою канфедэрацыю каралеўства Польскага ("Кароны") ды Вялікага Княства Літоўскага ("Княства") не была выключэньнем. Адной з такіх падзей зьяўляецца выбраньне ў 1587 годзе караля на адну ноч. Гісторыкі пакуль што не высьветлілі ці легенда гэта, ці гістарычны факт.

...Пасьля сьмерці ўладара Рэчы Паспалітай Стэфана Баторыя дзяржава засталася без караля. Манархія ў Рэчы Паспалітай не перадавалася ў спадчыну. Караля на адмысловым, "элекцыйным", сойме выбіралі магнаты ды шляхта. Прэтэндэнтаў на пасад як заўсёды было аж за лішне, і кожны зь іх меў сваіх прыхільнікаў. Зразумела, што пачуцьці ў "дэлегатаў" сойму разгарэліся, і становішча было распалена да краю. І ў момант, калі шляхцічы ўжо былі гатовыя ў якасьці аргумэнтаў пусьціць у ход шаблі, прагучаў прызыў Мікалая Хрыстафора Радзівіла: "Супакоімся, панове, кінем сварыцца! Давайце выберам каралём Шауля - на ноч - а ранкам спакойна працягнем дэбаты". Прапанова Радзівіла была ўсхвалена. Адну ноч Рэччу Паспалітай кіраваў Шауль, а на ранкі, ужо ў больш спакойных абставінах, сойм аб'явіў аб выбраньні каралём швэдскага прынца Сігізмунда...

Для нас самым цікавым у гэтай гісторыі зьяўляецца тое, што Шауль, які нават тэарэтычна не мог прэтэндаваць на пасад, быў жыхаром Берасьця, прадстаўніком ягонай габрэйскай абшчыны. І калі гэты эпізод усяго толькі легенда (хаця вядомы гісторык XIX стагодзя прафесар Бершадскі даказвае, што гэта праўда), дык Шауль - цалкам рэальная гістарычная асоба.

Габрэйская абшчына ў Берасьці склалася не пазьней за 1388 год, і на прыканцы XVI стагодьдзя ейныя прадстаўнікі былі аднымі з найбагацейшых у горадзе, зьяўляліся арэндатарамі шмат зь якіх дзяржаўных устаноў. Нядзіва, што ў захаваўшыхся да нашых дзён дакумэнтах можна знайсьці нямала зьвестак пра іх. Калі, напрыклад, пра першага вядомага нам брэсцкага пушкара мы ведаем только тое, што яго звалі Марко, дык жыцьцяпісы шмат якіх габрэяў сярэднявечнага Берасьця можна лёгка аднавіць.

Самуіл-Юдзіч Шауль (Сауль) быў сынам равіна з Падуі, вядомага на ўсю Італію. Атрымаўшы традыцыйную габрэйскую адукацыю і жадаючы паглыбіць свае веды, ён адправіўся на вучобу ў Берасьцейскі ешыбот (габрэйскую семінарыю). У тым, што выбар паў на Берасьце, нічога дзіўнага няма. Горад зьяўляўся значным габрэйскім рэлігійным цэнтрам ня толькі ў Рэчы Паспалітай, але й па ўсёй Эўропе.

Неўзабаве Шауль пакінуў думаць пра кар'еру равіна ды заняўся прадпрымальніцтвам. Гісторык Т. Забела, адмыслова вывучаўшы гісторыю Берасьця XVI стагодьдзя, лічыў, што ўжо на пачатку стагодьдзя габрэйская абшчына горада вылучыла групу прадстаўнікоў гандлёвага капіталу, якія валодалі вялікімі сродкамі. Пра першыя крокі Шауля на новай прадпрымальніцкай ніве нічога не вядома, але ж ён неўзабаве далучыўся да фінансавай эліты Берасьця. Вядома, што яшчэ кароль Стэфан Баторы выдаў яму прывілей на продаж солі па ўсёй тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага.

Новы манарх Рэчы Паспалітай Сігізмунд ІІІ таксама ставіўся з прыхільнасьцю да Шауля. У адным з варыянтаў гісторыі пра выбраньне берасьцейскага фінансіста "каралём на адну ноч" распавядаецца быццам наш зямляк прапанаваў выбраць каралём Рэчы Паспалітай насьледніка швэдскай кароны. Удзячны ўжо каранаваны Сігізмунд ІІІ падарыў Шаулю цяжкі залаты цэп, усыпаны брыліянтамі.

Магчыма, гэта таксама толькі легенда. Але ж дакладна вядома, што новы манарх даў берасьцейскаму габрэю ганаровае званьне "каралеўскага слугі". Таксама вядома, што ў 1588 годзе Шауль Юдзіч узяў у арэнду на 10 год права зьбіраньня падаткаў за праезд па бруку ды пераправам праз Мухавец і Буг. Ён таксама мог валодаць мельніцамі і гандляваць сьпіртнымі напоямі, за што павінен быў плаціць дзяржаўнай казьне 1000 польскіх злотых штогод.

Знаёмства з "магутнымі гэтага сьвету", асабістае багацьце ды аўтарытэт сярод габрэйскай абшчыны далі яму права выступаць ад імя ўсіх габрэяў горада. Менавіта ён даў штуршок у 1580 судовай справе з-за адказу берасьцейскім магістратам кагалу Берасьця атрымліваць чацьвертую частку гарадскіх даходаў ды займацца габрэям рамяством. Гэты судовы працэс, хутчэй за ўсё, Шауль праграў, таму што ня змог прадставіць арыгінал прывілеі Вітаўта ад 1388, дзе былі пацьверджаны правы габрэйскай абшчыны.

У гісторыі Шауль, атрымаўшы мянушку ВАЛ ("выбраны"), адзначыў сябе яшчэ і тым, што выдаткаваў грошы на адбудову берасьцейскай сінагогі. Пры пераносе горада на новае месца ў 1842 годзе сінагога была разабрана. Там знайшлі пліту з надпісам "Вяльможа Шауль Самуіл-Юдзіч пабудаваў жаночую галерэю сінагогі ў памяць жонкі сваёй Двойры..." Гэтая пліта была па новай замуравана ў карыдор новай гарадской сінагогі (цяперашні кінатэатр "Беларусь"), але ж потым зьнікла ці была зьнішчана.



Сopyright © 1999 - 2008 BrestOnline. Усе правы абаронены.
Некаторыя матэр'ялы пададзены толькі па-ангельску.Зваротная сувязь
угору

ByBanner Vitebsk.net CDBrest.com -Internet Store Radio Racyja Brest Forums from CDBrest.com Trade Union movement in Belarus Dinamo Brest Internet Store Brest BOLSHOI - Best Cinema in Brest Rambler's Top100 City of Borisov - unofficial website Productov.net - internet version of Gastranom Дранiкi Belarusian Rating Top 100  09.OPEN.BY